Ці дарагая ў Беларусі вышэйшая адукацыя? Параўноўваем пяць краін. ІНФАГРАФІКА.

Ілюстратыўнае фота

Свабода параўнала кошты навучаньня ў Беларусі, Літве, Чэхіі, Украіне і Расеі.

Беларускія ВНУ паднялі цэны на навучаньне яшчэ да пачатку навучальнага году. Пра павелічэньне аплаты паведамілі 10 ліпеня БНТУ, БДЭУ, Лінгвістычны ўнівэрсытэт, Акадэмія кіраваньня. Агулам рост коштаў склаў 4–9%.

Глядзім, якая розьніца ў коштах у параўнаньні зь іншымі краінамі. Для прыкладу, на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з ІТ-тэхналёгіямі і праграмаваньнем.

У БДУ год навучаньня на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі па спэцыяльнасьці «праграмнае забесьпячэньне кампутарных сыстэм» у бакаляўрэаце каштуе 2964 рублі, або 1482 даляры. Гэты кошт — для грамадзян Беларусі.

Глядзім адпаведную спэцыяльнасьць у ВНУ іншых краін. Кошты — для грамадзян гэтай краіны або для грамадзян ЭЗ.

  • Літва — 2727 даляраў;
  • Украіна — 1363 даляры;
  • Чэхія — 3917 даляраў;
  • Расея — 5563 даляры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «І сурʼёзнае, і гулькі» — якія людзі ідуць у «айцішнікі». ФОТА

Для параўнаньня браліся вядучыя ВНУ ў гэтых краінах: Віленскі ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, Карлаў унівэрсытэт, Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава. У Чэхіі ўся адукацыя на чэскай мове бясплатная, таму падаём кошт навучаньня па-ангельску для грамадзянаў ЭЗ.

Па іншых спэцыяльнасьцях суадносіны коштаў у ВНУ Беларусі і астатніх пералічаных краін падобныя.