У Курапатах затрымалі непаўналетняга актывіста

Пра затрыманьне паведамляе «​Новы час»​ са спасылкай на актывістаў, якія былі сьведкамі здарэньня.

Увечары 14 ліпеня міліцыянты затрымалі Іларыёна Т., які ўдзельнічаў у Курапацкай варце. Відэа затрыманьня разьмясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку грамадзкі актывіст Яўген Батура.

Непаўналетні актывіст не даваў праехаць машыне ў рэстаран «Поедем поедим», неўзабаве зьявіліся міліцыянты і пацягнулі яго ў машыну. Удзельнікі варты спрабавалі ня даць затрымаць хлопца, але ў іх не атрымалася.

Разам зь ім затрымалі прадстаўніка ТБМ Рыгора Асавула. Паводле актывістаў, затрыманых павезьлі ў Бараўлянскі адзьдзел міліцыі. Каля паловы на 11-ю непаўналетнга затрыманага вызвалілі, Асавула пакінулі пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відэа затрыманьня старшыні Маладога Фронту

Раней у Курапатах быў затрыманы лідэр Маладога Фронту Дзяніс Урбановіч. Судзіць яго будуць 15 ліпеня, у судзе Менскага раёну (вул. Маякоўскага, 119а) паводле артыкулу 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства).