У магіле Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы знайшлі парэшткі двух чалавек

Эксгумацыя магілы меркавана Віктара Каліноўскага. Сьвіслач. 10 ліпеня 2019

Археалягічныя і экспэртныя працы на месцы меркаванай магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы закончаныя. Працы ішлі 4 дні — ад 8-га да 11 ліпеня. Калі былі выяўленыя парэшткі двух чалавек, археолягі спынілі сваю частку працы, паведамляе Радыё Рацыя.

Пасьля гэтага зь Менску былі выкліканыя дадатковыя экспэрты. Адмыслоўцы ўзялі фрагмэнты парэштак, пасьля чаго раскоп быў засыпаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што калі ДНК не супадуць? Літоўскі антраполяг пра эксгумацыю парэштак брата Кастуся Каліноўскага ў Беларусі

Усе працы пратакаляваліся Сьледчым камітэтам у адпаведнасьці з працэсуальным заканадаўствам. Як паведаміў прадстаўнік грамадзкасьці Юры Глебік, цяпер трэба чакаць афіцыйных вынікаў экспэртызаў, якія будуць весьці беларускія і літоўскія спэцыялісты. Пасьля правядзеньня дасьледаваньня фрагмэнтаў на сайце Сьледчага камітэту мае зьявіцца афіцыйная інфармацыя.

Незалежна ад вынікаў экспэртызы, празь некалькі месяцаў, калі асядзе грунт, помнік з крыжам і яшчэ адзін надмагільны камень з шыльдай маюць вярнуцца на ранейшае месца.