Зяленскі хоча люстрацыі высокапастаўленых чыноўнікаў часоў Парашэнкі

У часе інаўгурацыі Зяленскага

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў падвергнуць люстрацыі ўсіх высокапастаўленых прадстаўнікоў улады, якія кіравалі краінай пасьля Эўрамайдану. Адпаведныя папраўкі ў закон аб люстрацыі ён паабяцаў унесьці ў Вярхоўную раду. Ён адзначыў, што гэты законапраект — толькі ацэнка дзейнасьці старых чыноўнікаў.

«Нас абвінавачваюць, што мы хочам адмяніць люстрацыю. Каб усе зразумелі, што мы не зьбіраемся адмяняць люстрацыю, мы прапануем яе ўзмацніць», — заявіў прэзыдэнт Украіны ў фэйсбуку. Паводле яго, ён штодня мае зносіны з чыноўнікамі розных узроўняў і разумее — гэта «безнадзейны дыягназ».

Па словах Зяленскага, ён штодня ламае галаву, што з рабіць зб дзяржслужбоўцамі: «абмяняць на палонных ці апрануць у бракаваныя бронекамізэлькі, якія яны закупілі, і адправіць на перадавую».

У якасьці працоўнага варыянту яго каманда распрацавала пашырэньне сьпісу люстраваных чыноўнікаў. Ён прапанаваў уключыць у яго былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, поўны склад Вярхоўнай Рады, міністраў, кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны, кіраўнікоў дзяржструктур і абаронных прадпрыемстваў, якія займалі пасады ад 23 лютага 2014 па 19 траўня 2019 году.

Закон аб люстрацыі (афіцыйная назва — «Аб ачышчэньні ўлады») быў падпісаны папярэднікам Зяленскага на пасадзе прэзыдэнта Пятром Парашэнкам у 2014 годзе. Яго асноўнай мэтай было перашкодзіць займаць дзяржаўныя пасады былым прадстаўнікам улады пры прэзыдэнце Віктары Януковічы.

21 траўня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі прызначыў кіраўніком сваёй адміністрацыі былога ўпаўнаважанага ў пытаньнях антыкарупцыйнай палітыкі за часам прэзыдэнта Віктара Януковіча Андрэя Богдана. Рашэньне раскрытыкавалі супернікі прэзыдэнта, якія сьцьвярджаюць, што Богдан трапляе пад люстрацыю.