Пуцін і Зяленскі ўпершыню пагаварылі па тэлефоне

Калаж: Уладзімер Зяленскі і Ўладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін упершыню пагаварыў з новым прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Кіраўнікі краін па телефону абмеркавалі сытуацыю на Данбасе і абмен палоннымі.

Паводле прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова, ініцыятарам тэлефоннай размовы была Ўкраіна.

Акрамя таго, абмяркоўвалася ідэя працягу перамоваў у «нармандзкім фармаце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лукашэнкі адказалі на намер Зяленскага правесьці перамовы з Пуціным у Менску

Раней ТАСС паведамляў, што Пуцін зацікавіўся ідэяй Зяленскага аб сустрэчы дзеля абмеркаваньня сытуацыі вакол Украіны з удзелам лідэраў ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ і Францыі. Пуцін заявіў, што Расея гатовая да перамоваў па Ўкраіне ў любым фармаце.

Пры гэтым Пуцін адзначыў, што «больш-менш пра нешта можна будзе казаць пасьля канчатковага фармаваньня новага ўраду Ўкраіны і правядзеньня выбараў у парлямэнт краіны».

У прэс-службе прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зеленскага дадалі, што ключавым пытаньнем у ягонай тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным было вызваленьне палонных украінскіх вайсковых маракоў, якія ўтрымліваюцца Расеяй ад лістападу 2018 году.