Генпракурор Беларусі пракамэнтаваў справу затрыманай адвакаткі

Пісталет, знойдзены ў адвакаткі кампаніі «Прынцэпкансалт»

Цяпер Генэральная пракуратура Беларусі правярае крымінальныя справы, заведзеныя ў дачыненьні да адваката галоўнага інжынэра МЗКТ Андрэя Галавача, паведаміў журналістам Аляксандар Канюк на пасяджэньні Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеяньні карупцыі, піша БелаПАН.

Генпракурор адзначыў, што завядзеньне крымінальнай справы ў на адваката выклікала насьцярожанасьць у яго як у судзьдзі.

«Я столькі гадоў прапрацаваў судзьдзёй, ведаю, што гэта такое, гэта выклікала насьцярожанасьць. Мы вельмі сур’ёзна правяраем справы, заведзеныя ў дачыненьні да адваката, не выключаю што там будуць Генэральнай пракуратурай прынятыя кардынальныя рашэньні», — сказаў Канюк.

Напярэдадні Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў (БРКА) заявіла, што мае намер абараняць калегу, на якую завялі дзьве крымінальныя справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вядомую адвакатку завялі справы за выдаваньне тайнаў сьледзтва і абарот зброі

«Мы, безумоўна, будзем абараняць нашага адваката, і ня толькі таму, што гэтага патрабуе закон, але яшчэ і таму, што ведаем яе як высокакваліфікаванага спэцыяліста, прафэсіянала і прыстойнага чалавека», — заявіў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц.

«Калі ў дзеяньнях нашай калегі і былі нейкія парушэньні, то мы вельмі спадзяёмся, што кампэтэнтную ацэнку ім дадуць сьледчыя органы, суд і органы адвакацкага самакіраваньня», — сказаў ён.

Паводле ГУБАЗіК, затрыманая — намесьніца старшыні Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў. Шэраг СМІ зьвярнуў увагу, што такая намесьніца толькі адна, і гэта Вера Арэшка. У калегіі Свабодзе не пацьвердзілі і не абверглі зьвесткі пра крымінальныя справы адносна Арэшкі, але пацьвердзілі, што яна займае названую пасаду.

Адвакатка Вера Арэшка

На адвакатку завялі справу за выдаваньне тайны сьледзтва (арт. 407 КК) і за зброю (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Як сьцьвярджае ГУБАЗіК, жанчына раскрыла зьвесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў.

У час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter mod. 1938, а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю жанчына ня мае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакаты заступіліся за калегу, на якую завялі справы за выдаваньне тайны сьледзтва і зброю

Што за справу вяла адвакатка

За час адвакацкай працы Вера Арэшка абараняла сотні людзей. Але найбольш працяглы час яе кліентам быў абвінавачаны ў хабарніцтве былы галоўны інжынэр Менскага заводу колавых цягачоў Андрэй Галавач, справа якога цягнецца ўжо пяты год. Яго затрымалі яшчэ ў траўні 2015 году, спачатку асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за хабар у асабліва буйным памеры (180 тысяч рублёў), пасьля перагляду апраўдалі, але затрымалі праз новае абвінавачваньне.

Сёлета ў траўні ў Першамайскім раённым судзе пачаўся новы працэс над Андрэем Галавачом. Акрамя хабарніцтва, былога галоўнага інжынэра судзяць за службовае злоўжываньне. Цяпер яму інкрымінуюць хабары на 192,2 тысячы даляраў, 35 тысяч эўра і «намер» атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў.

Галавач не прызнае віны, у яго падтрымку супрацоўнікі заводу падпісалі 9 соцень лістоў на імя Аляксандра Лукашэнкі. Абараняе яго старшыня менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, які прыняў гэтую справу ад сваёй намесьніцы Арэшкі.