Памежнікі Літвы пачалі перахоп дронаў зь Беларусі і Расеі

Памежнікі Літвы пачалі выкарыстоўваць абсталяваньне, якое дазваляе перахопліваць дроны з боку Беларусі і Расеі. Закуплены тры прылады па спыненьні палётаў бесьпілётных апаратаў.

Пра гэта ў нядзелю паведаміла Балтыйская служба навінаў са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

«Закуплены тры прылады па спыненьні палётаў бесьпілётных апаратаў. Прасьцей кажучы, гэта антыдронавое абсталяваньне, якое дазваляе перахапіць і пасадзіць на зямлю беьпілётны апарат», — сказаў прадстаўнік памежнага ведамства Літвы Гедрус Мішуціс.

Новая тэхніка выкарыстоўваецца на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю РФ і Беларусьсю.

«Тут бывае больш за ўсё несанкцыянаваных палётаў. Бесьпілётнікі могуць незаконна выкарыстоўвацца для назіраньня за дзейнасьцю літоўскіх структур, збору канфідэнцыйнай інфармацыі або ў кантрабандных мэтах», — адзначыў Мішуціс.

У 2018 годзе Сэйм Літвы ўзмацніў рэжым аховы ваенных аб’ектаў і ваенных тэрыторыяў: уведзеная забарона збору інфармацыі шляхам фота- і відэаздымкі, а таксама палёты бесьпілётнікаў. Памежнікі атрымалі права зьбіваць дроны з агнястрэльнай зброі.