Трамп прапанаваў Кім Чэн Ыну сустрэцца ў дэмілітарызаванай зоне

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў правесьці сустрэчу зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам у дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі адразу пасьля заканчэньня саміту краін — членаў «Групы дваццаці».

Пра гэта прэзыдэнт Трамп напісаў у Твітэры ў суботу 29 чэрвеня. Прэзыдэнт паведамляе, што пасьля завяршэньня сустрэч на саміце «Дваццаткі» ён адправіцца ў Паўднёвую Карэю і «калі старшыня Кім захоча, я сустрэнуся зь ім у дэмілітарызаванай зоне, каб абмяняцца поціскам рукі і сказаць „Прывітаньне“».

Дагэтуль не было ніякай папярэдняй інфармацыі пра магчымую сустрэчу Дональда Трампа і Кім Чэн Ына. Паводле дадзеных газэты New York Times, гэтая ініцыятыва аказалася поўнай нечаканасьцю ня толькі для дыпляматаў, прысутных на саміце «Групы дваццаці», але і для дарадчыкаў Дональда Трампа.

Апошняя сустрэча Трамп і Кіма ў лютым гсёлета завяршылася фіяска. Прэзыдэнт Трамп адмовіўся працягваць перамовы, калі высьветлілася, што паўночнакарэйскі лідэр не гатовы да крокаў па дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі.

Адказу на сёньняшнюю прапанову ад паўночнакарэйскага лідэра пакуль не было.