Расея: журналіст расказаў аб працы «цітушкам» на выбарах у Пецярбургу

У выбарчых камісіях Санкт-Пецярбургу ствараюцца штучныя чэргі, з дапамогай якіх наўмысна зацягваецца прыём дакумэнтаў ад кандыдатаў у муніцыпальныя дэпутаты.

Пра гэта паведамляе партал «ЗакС. ру», журналіст якога па аб’яве папрацаваў падстаўной кандыдатам, або, як ён сам выказаўся, «цітушкам».

Карэспандэнт адгукнуўся на аб’яву, зьмешчаную ў сацсетках 20 чэрвеня. Зь ім зьвязаўся чалавек, які назваўся Ўладзіславам, і заявіў, што патрэбныя людзі для працы на тэрыторыі Маскоўскага і Петраградзкага раёнаў Санкт-Пецярбургу. За паўтары тысячы рублёў трэба было сядзець з тэчкай дакумэнтаў у выбарчай камісіі акругі і не прапускаць нікога наперад у чарзе.

Выданьне адзначае, што нумар тэлефону Ўладзіслава сустракаецца ня толькі ў пастах з прапановамі аб падпрацоўцы — ён таксама арганізуе паездкі фанатаў футбольнага клюбу «Зэніт» на выязныя матчы.

Маладых людзей, апранутых як футбольныя фанаты, журналіст «ЗакС. ру» сустрэў 28 чэрвеня каля выбарчай камісіі «Гагарынская», куды прыйшоў на падпрацоўку. Прысутным выдалі тэчкі, набітыя паперамі — старымі дакумэнтамі і газэтамі, — і яны стварылі штучную чаргу. Тых, хто прыйшоў, выклікалі ў кабінэт, дзе праходзіла рэгістрацыя, з інтэрваламі каля паўгадзіны.

Калі надышла чарга карэспандэнта, кіраўнік выбарчай камісіі пацікавіўся, ці шмат у чарзе людзей, якія прыйшлі ня зь ім. Іх было двое — кандыдат ад «Яблока» і яшчэ адзін чалавек, які сышоў са словамі: «Пляваць. Ня пасьпею, значыць, не пасьпею».

Старшыня выбаркаму, які меў прозьвішча Цхададзэ, сказаў журналісту, што не адбываецца нічога крымінальнага. Яны «марнавалі час» каля паўгадзіны. На пытаньне, навошта гэта ўсё трэба, Цхададзэ спачатку разьвёў у бакі рукамі, а потым паказаў пальцам уверх.

Рэдакцыя «ЗакС. ру» у сваёй публікацыі прынесла прабачэньні сапраўдным кандыдатам, якія апынуліся ў чарзе з падстаўных асоб.

  • Напярэдадні рух у абарону правоў выбаршчыкаў «Голас» заявіў пра грубыя і дэманстратыўныя парушэньні выбарчага і іншага заканадаўства пры прызначэньні выбараў дэпутатаў некаторых муніцыпальных утварэньняў Санкт-Пецярбургу. Актывісты выявілі парушэньні ў 19 з 109 муніцыпалітэтаў. У справаздачы арганізацыі згадвалася і муніцыпальнае ўтварэньне Гагарынскае.
  • «Голас» патрабуе прызнаць непрызначанымі выбары ў муніцыпалітэтах, дзе знайшлі парушэньні, і праверыць дзеяньні афіцыйных асоб, у тым ліку на прадмет датычнасьці да перашкод у ажыцьцяўленьні выбарчых правоў або працы выбарчых камісій. Гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне аж да пазбаўленьня волі, калі злачынства зроблена з выкарыстаньнем службовага становішча, з дапамогай подкупу або арганізаванай групай.
  • У Цэнтрвыбаркаме напярэдадні заявілі, што праверылі прыкладна 60 з 109 выбарчых камісій муніцыпальных утварэньняў Пецярбургу і ня выявілі парушэньняў, на якія паступалі скаргі. Пры гэтым раней кіраўнік ЦВК Эла Памфілава дапусьціла магчымасьць адмены выбараў у Пецярбургу, калі будуць выяўленыя парушэньні.