Пуцін заявіў пра канец лібэралізму і пакараньне «здраднікаў»

Уладзімір Пуцін

Лібэральная ідэя «зжыла сябе», бо грамадзтва выступіла супраць іміграцыі і мультыкультуралізму. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію брытанскаму выданьню The Financial Times заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Пуцін заявіў, што апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў лібэралы спрабавалі дыктаваць сваю волю сьвету, аднак зрабілі некалькі сур’ёзных памылак. У прыватнасьці, на думку Пуціна, канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель паступіла неразумна, пагадзіўшыся прыняць мільён сірыйскіх уцекачоў. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, наадварот, спрабуе спыніць паток мігрантаў і наркатрафіку з Мэксыкі, сказаў Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падрыхтавалі другі пакет антырасейскіх санкцый за атручваньне Скрыпалёў

Брытанскі ўрад абвінавачвае ўлады Расеі ў спробе забойства ў Брытаніі былога былога расейскага выведніка Сяргей Скрыпаля. Пуцін адпрэчыў датычнасьць Расеі да гэтага замаху. Ён таксама назваў «мітычным умяшаньнем» высновы спэцыяльнага пракурора ЗША Робэрта Мюлера пра расейскае ўмяшаньне ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Пры гэтым Пуцін заявіў: «Здрада гэта найгоршае магчымае злачынства, якое можа быць на зямлі, і здраднікі павінны быць пакараныя. Я не кажу, што трэба караць такім чынам, як здарылася ў Солсбэры, зусім не. Але здраднікі павінны быць пакараныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: У мяне будзе вельмі добрая размова з Пуціным