У Нью-Ёрку прайшоў футбольны турнір памяці беларускага футбаліста Пракапенкі

Удзельнікі футбольнага турніру памяці Аляксандра Пракапенкі, які прайшоў у Нью-Ёрку 22 чэрвеня 2019 году

Арганізатарам спаборніцтваў, якія плянуюцца як штогадовыя, стаў Зьміцер Пракапенка, сын аднаго з найлепшых футбалістаў Беларусі 1980-х гадоў Аляксандра Пракапенкі.

Першы дзіцячы турнір у футболе памяці алімпійскага прызэра 1980 году, чэмпіёна СССР 1982 году Аляксандра Пракапенкі прайшоў пры падтрымцы дзіцячых і юнацкіх структур амэрыканскага сокеру — United Champions Soccer League, Queens City Soccer Academy (у Амэрыцы эўрапейскі футбол называюць сокерам. — РС).

Удзельнікі турніру

Гульні абслугоўвалі прафэсійныя арбітры Нацыянальнай прэм’ер-лігі (NPL), якія працуюць на матчах дарослых камандаў.

Адным з партнэраў выступіў этна-рэстаран «Беларуская хата», заснаваны беларускім бізнэсоўцам Маратам Новікавым.

Мэдалі і кубкі імя Аляксандра Пракапенкі

Як расказаў Свабодзе Зьміцер Пракапенка, які ўжо 20 гадоў жыве ў Нью-Ёрку (разам з маці яны пераехалі неўзабаве пасьля сьмерці бацькі), у турніры бралі ўдзел 24 дзіцячыя калектывы, разьбітыя на тры ўзроставыя групы: па 8 камандаў U8, U10, U12. Кожную, у сваю чаргу, арганізатары падзялілі на дзьве падгрупы па 4 каманды. Пераможцы квартэтаў высьвятлялі адносіны ў вырашальных паядынках: гэта каманды Queens City FC, Coney Island Cyclones, Bridgeview, Chelsea SI.

Пераможцы турніру пазуюць з мэдалямі імя Аляксандра Пракапенкі

Незалежна ад занятага месца, усе ўдзельнікі былі адзначаныя памятнымі сувэнірамі, а прызэры атрымалі мэдалі і кубкі імя Аляксандра Пракапенкі, а таксама адмысловыя сэртыфікаты ад «Беларускай хаты».

У ЗША Зьміцер Пракапенка мае рэклямны бізнэс, а для задавальненьня вось ужо два дзясяткі гадоў гуляе ў аматарскіх сокерных лігах. Знайшоў сябе як прапагандыст масавага футболу праз спадчыну свайго славутага бацькі.

Кубак імя Аляксандра Пракапенкі

Як ушанавалі Аляксандра Пракапенку ў Беларусі

У Беларусі праз ягоныя высілкі імем Аляксандра Пракапенкі названы стадыён на яго радзіме ў Бабруйску, там жа гарадзкая адміністрацыя ўхваліла ўстаноўку помніка. Таксама выйшлі кніга і дакумэнтальны фільм, а сёлета ў сакавіку да 30-годзьдзя заўчаснай сьмерці народнага футбаліста «Беларускія песьняры» прэзэнтавалі песьню «Бела-сіняя зорка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын футбаліста Пракапенкі дамагаецца помнікаў бацьку ў Менску і Бабруйску

Таксама Зьміцер марыць пра тое, каб зьявілася скульптура на тэрыторыі менскага стадыёна «Дынама» — тут цягам 10 гадоў аматары віталі свайго ўлюбёнца. Ёсьць ідэя зьняць мастацкі фільм. Галоўная мэта актыўнасьці — нагадаць беларусам, што на гэтай зямлі таксама быў свой Пеле, Марадона і Раналду ў адной асобе. Чалавек, які шмат дасягнуў у сваёй справе і кім землякі па праве могуць ганарыцца.

Зьміцер Пракапенка

У сэзоне 2017-2018 Зьміцер Пракапенка адпрацаваў у клюбнай сыстэме менскага «Дынама», дапамагаў з арганізацыяй маркетынгавай палітыкі. Паралельна спадзяваўся рэалізаваць праект футбольнай акадэміі імя Аляксандра Пракапенкі, але на шляху ініцыятывы паўсталі бюракратычныя бар’еры.

Зрэшты, задума ўсё ж будзе рэалізаваная — праўда, ня ў Менску, а ў Нью-Ёрку, дзе няма ніякіх перашкод. Цяпер высілкі Зьмітра сканцэнтраваныя на арганізацыі адпаведнай інфраструктуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын «народнага футбаліста» Пракапенкі зрабіў фільм пра бацьку і легендарную перамогу менскага «Дынама»

Кім быў Аляксандар Пракапенка

«Пракоп», як па-сяброўску называлі аднаклюбнікі Аляксандра Пракапенку, — адзін з самых уганараваных беларускіх футбалістаў: майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў-1980, гулец зборнай Савецкага Саюзу, чэмпіён СССР 1982 году ў складзе «Дынама» (Менск), № 1 у сьпісе 33 найлепшых футбалістаў першынства ў год дынамаўскага трыюмфу.

Эмоцыі «народнага футбаліста»

Нарадзіўся 16 лістапада 1953 году ў Бабруйску, гуляў за родную школу № 3, потым у мясцовай камандзе «Будаўнік». У 19-гадовым узросьце, яшчэ падчас вучобы ў Беларускім інстытуце фізкультуры, атрымаў запрашэньне ў менскае «Дынама».

Гэта быў адзін з гульцоў, на якога ішлі глядзець адмыслова. За «Дынама» ён забіў супернікам больш за паўсотні галоў.

Аднак маральны і псыхалягічны груз аказаўся занадта цяжкім для хлопца з Бабруйску.

У 1983-м, ужо на наступны год пасьля перамогі менскага клюбу ў першынстве СССР, яго адлічылі з каманды за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму», празьмернае ўжываньне алькаголю. Двойчы за наступныя пяць гадоў ён аказваўся ў лячэбна-працоўным прафілякторыі, хоць у перапынках яшчэ выступаў за менскае «Тарпэда», магілёўскі «Дняпро» і бакінскі «Нефтчы» — але без былога імпэту.

Памёр 29 сакавіка 1989-га, неўзабаве пасьля вяртаньня з мазырскага ЛТП. Удавой засталася маладая жонка Натальля, сіратой — 12-гадовы сын Зьміцер. Аляксандар Пракапенка пахаваны на могілках вёскі Такары Бабруйскага раёну, у роднай вёсцы ягонай мамы, настаўніцы беларускай мовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі таксама быў свой Пеле, Марадона і Раналду». Выйшла кніга пра «народнага футбаліста» Пракапенку

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 футбалістаў і трэнэр, якімі можа ганарыцца Беларусь