Партыя Эрдагана прайграла выбары мэра Стамбула

Экрэм Імамаглу, кандыдат у мэры Стамбула ў дзень галасаваньня

У Турцыі кандыдат ад кіроўнай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця на выбарах мэра Стамбула Біналі Йылдырым павіншаваў свайго суперніка ад апазыцыі Экрэма Імамаглу зь перамогай. Гэта было паўторнае галасаваньне.

Ілдырым выказаў надзею, што новы мэр будзе годна служыць інтарэсам жыхароў Стамбула.

Прадстаўнік кіроўнай партыі прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана павіншаваў свайго апанэнта празь некалькі хвілін пасьля таго, як турэцкія СМІ паведамілі пра тое, што Імамаглу набраў 53,6% галасоў пасьля апрацоўкі 95 адсоткаў бюлетэняў.

Муніцыпальныя выбары ў Турцыі прайшлі 31 сакавіка. У іх узялі ўдзел каля 57 мільёнаў грамадзян. На выбарах мэра Стамбула Экрэм Імамаглу на некалькі тысяч галасоў абышоў кандыдата ад кіроўнай партыі Біналі Йылдырыма. Але Найвышэйшая выбарчая камісія Турцыі прыняла рашэньне скасаваць вынікі выбараў мэра Стамбула і правесьці паўторнае галасаваньне.