Сьпікер парлямэнта Грузіі падаў у адстаўку

Іраклій Кабахідзэ

Генэральны сакратар «Грузінскай мары» Каха Каладзэ адразу пасьля завяршэньня пасяджэньня палітычнай рады кіроўнае партыі абвясьціў, што сьпікер парлямэнта Грузіі Іраклі Кабахідзэ падае ў адстаўку.

«Зьявы, якія мелі месца ўчора ў грузінскім парлямэнце падчас адкрыцьця сэсіі Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, і падзеі, якія рушылі за імі, прадстаўлялі сабой цяжкую карціну і выклікалі справядлівы пратэст грамадзкасьці», — сказаў генэральны сакратар партыі.

Напярэдадні вечарам у Тбілісі прайшла маштабная антыўрадавая акцыя, выкліканая выступам дэпутата Дзярждумы РФ Сяргея Гаўрылава ў парлямэнце Грузіі. Нягледзячы на тое, што Гаўрылаў займае пасаду прэзыдэнта Асамблеі, многіх у Грузіі абурыла тое, што яго пусьцілі ў краіну і што ён вёў пасяджэньне асамблеі ў будынку грузінскага парлямэнту зь месца сьпікера.

Напярэдадні візыту ў Тбілісі дэпутат пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі незалежнымі ад Грузіі.

15 жорсткіх фатаздымкаў з пратэстаў у Тбілісі

Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 240 пацярпелых падчас мітынгу перад будынкам парлямэнта ў цэнтры Тбілісі, дзе паліцэйскі спэцназ ужыў сьлезацечны газ і гумовыя кулі супраць удзельнікаў акцыі пратэсту.