Саудаўскі прынц абвінаваціў Іран у нападзе на танкеры і заявіў пра гатоўнасьць даць адпор «любой пагрозе»

Пажар на борце танкера Front Altair

Прынц Саудаўскай Арабіі Мухамэд бін Салман наўпрост абвінаваціў Іран у нападзе на два нафтавы танкеры ў Аманскай затоцы на гэтым тыдні.

«Мы ня хочам вайны ў рэгіёне... Але мы без ваганьняў дамо адпор любой пагрозе нашаму народу, нашаму сувэрэнітэту, нашай тэрытарыяльнай цэласнасьці і нашым жыцьцёвым інтарэсам», — цытуе яго агульнаарабскае выданьне Ашарк аль-Аўсат у інтэрвію 16 чэрвеня.

Прынц дадаў, што міжнароднай супольнасьць павінна зрабіць «рашучыя крокі», каб супрацьстаяць пагрозам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьніклую самую дарагую карціну сьвету знайшлі на яхце саудаўскага прынца

​Увечары 13 чэрвеня камандаваньне ўзброеных сіл ЗША апублікавалавідэазапіс, на якім вайскоўцы іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі прыбіраюць нешта, што выглядае як неразарваная магнітная міна, з корпусу аднаго з танкераў, пашкоджаных напярэдадні ў Аманскім заліве прыкладна за 40 кілямэтрах ад паўднёвых берагоў Ірану.

На запісе відаць, як іранскі патрульны катэр падыходзіць да японскага танкера Kokuka Courageous, каб выдаліць міну. Акрамя відэароліка Злучаныя Штаты прадставілі і фатаграфіі апэрацыі, праведзенай іранцамі.

Выбухі на двух танкерах адбыліся раніцай 13 чэрвеня. На адным зь іх, нарвэскім Front Altair, цалкам загружаным нафтай, пасьля выбуху ўспыхнуў моцны пажар. Над суднам на працягу некалькіх гадзінаў вісеў слуп густога чорнага дыму.

Іран назваў амэрыканскія абвінавачваньні «беспадстаўнымі» і «элементам кампаніі іранафобіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: Мы гатовыя размаўляць з Іранам без папярэдніх умоў

У той жа дзень у ААН выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Коэн заклікаў Раду Бясьпекі супрацьстаяць «відавочнай пагрозе», якая зыходзіць ад Тэгерану ў рэгіёне.

Аналягічны інцыдэнт здарыўся ў траўні паблізу эмірата Эль-Фуджайра, у выніку пацярпелі чатыры танкеры. Віну за тыя выбухі Вашынгтон таксама ўсклаў на Тэгеран.

У 1987-1988 гадах Іран вёў маштабную мінную вайну супраць танкераў, вымусіўшы амэрыканскія ВМС суправаджаць іх пры праходзе Пэрсыдзкай затокі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦРУ перахапіла загад саудаўскага прынца «прымусіць замаўчаць» Хашокджы