Трамп назваў «здрадай» артыкул The New York Times пра напады ЗША на Расею

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў «здрадаю» і «хлусьнёй» матэрыял газэты The New York Times, у якім гаворыцца, што ЗША ўзмацнілі напады на кампутарныя сыстэмы, адказныя за энэргазабесьпячэньне Расеі.

«Гэта віртуальны акт дзяржаўнай здрады аднойчы вялікай газэты, якой вельмі патрэбны... якія-небудзь матэрыялы, нават калі гэта наносіць шкоду нашай краіне. І, акрамя таго, гэта няпраўда», — напісаў Трамп у Твітэры.

The New York Times, спасылаючыся на былых кіраўнікоў і службовых асобаў Белага дома, заявіла, што адміністрацыя ЗША актывізавала спробы ўкараненьня шкодных праграм у кампутарныя сыстэмы, якія адказваюць за пастаўкі расейскай энэргіі. Такія кібэртакі, паводле публікацыі, праводзяцца зь 2012 году, але ў апошні час яны сталі больш актыўнымі і агрэсіўнымі.