Тысячы людзей у Ганконгу патрабуюць адстаўкі ўлады

Пратэсты ў Ганконгу

16 чэрвеня ў Ганконгу зноў пратэстуюць тысячы людзей, патрабуючы адстаўкі Кэры Лам, лідэра гэтай тэрыторыі. Пратэст адбываецца, нягледзячы на тое, што 15 чэрвеня ўлады прыпынілі ўвядзеньне непапулярнага законапраекта аб экстрадыцыі.

Пратэст у Ганконгу 12 чэрвеня 2019 году

​Актывісты заявілі, што заява Кэры Лам аб прыпыненьні законапраекта ад 15 чэрвеня была недастатковай, і гэты дакумэнт варта зьняць назаўжды. Лам, на думку дэманстрантаў, таксама павінна сысьці ў адстаўку і папрасіць прабачэньня за ўжываньне сілы паліцыяй падчас сутыкненьняў з дэманстрантамі ў пачатку тыдня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу афіцыйна прыпынілі прыняцьце закону, супраць якога пратэставала мільён чалавек

Група былых высокапастаўленых службовых асобаў 14 чэрвеня заклікала Лам не актывізаваць апазыцыю шляхам прасоўваньня непапулярных законапраектаў, у той час як некаторыя сябры адміністрацыі Ганконгу прапанавалі ёй адваротнае — паскорыць прыняцьце законапраекту.

Паліцыя выкарыстоўвае сьлезацечны газ супраць дэманстрантаў у Ганконгу 12 чэрвеня 2019 году

12 чэрвеня ў Ганконгу адбыліся сутычкі паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паведамлялася, што пратэстоўцы кідалі каля будынку ўрада гаручыя сумесі, а праваахоўныя органы, у сваю чаргу, выкарыстоўвалі супраць дэманстрантаў і слёзацечны газ.

Структура «адна краіна, дзьве сыстэмы» ў Кітаі азначае, што Ганконгу гарантавана магчымасьць падтрымліваць свае сацыяльныя, прававыя і палітычныя сыстэмы на працягу 50 гадоў пасьля адмены брытанскага ўраду 1997 году. Аднак кіруючая Камуністычная партыя Кітаю ўсё часьцей адмаўляецца ад пагадненьня, уносячы непапулярныя прававыя зьмены.

Цяпер у Ганконгу ёсьць дамова аб экстрадыцыі толькі з 20 краінамі. Калі законапраект будзе прыняты, улады змогуць выдаць жыхароў Ганконгу, напрыклад, Кітаю, Тайваню ці Макао.

Прыхільнікі законапраекту кажуць, што дзякуючы яму аўтаномія перастане быць «прытулкам для злачынцаў». Праціўнікі лічаць, што гэтыя папраўкі могуць пазбавіць Ганконг аўтаноміі, прывесьці да перасьледу палітычных апанэнтаў і не гарантуюць поўнай павагі правоў падазраваных у злачынствах.