У Азэрбайджане за дзяржаўную здраду арыштавалі журналіста

Азэрбайджан, Баку

У Азэрбайджане арыштавалі журналіста Палада Асланава. Яго абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Пра гэта паведамілі ў Службе дзяржаўнай бясьпекі краіны.

Асланаў заснавальнік і галоўны рэдактар інфармацыйных сайтаў xeberman.com і press-az.com. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што журналіст таемна сустракаўся за мяжой з супрацоўнікамі замежных спэцслужбаў і атрымліваў ад іх узнагароджаньне. Служба дзяржбясьпекі таксама адзначае, што Асланаў знаёміў з прадстаўнікамі замежных спэцслужбаў іншых журналістаў.

Праваабаронцы неаднаразова зьвярталі ўвагу на ўціск журналістаў у Азэрбайджане з боку ўладаў. У рэйтынгу свабоды слова арганізацыі «Рэпарцёры безь межаў» за 2019 год краіна знаходзіцца на 166 месцы са 180. Годам раней Азэрбайджан займаў 163 радок рэйтынгу.