13 чэрвеня прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман на сустрэчы з паслом Расеі Аляксандрам Зьмяеўскім запатрабаваў тлумачэньня з нагоды расейскага законапраекту, у выпадку прыняцьця якога статус вэтэрана баявых дзеяньняў будзе распаўсюджвацца на вайскоўцаў СССР, якія ўдзельнічалі ва ўварваньні ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.
Як паведаміў прэс-сакратар кіраўніка Чэхіі Іржы Оўчачак у Twitter, Мілаш Зэман назваў законапраект «нахабным правакаваньнем Чэскай Рэспублікі і яго асабіста». У гутарцы з расейскім амбасадарам ён таксама «рашуча падкрэсьліў, што ў выпадку прыняцьця закону, можна чакаць істотнага і доўгатэрміновага нэгатыўнага ўплыву на двухбаковыя адносіны РФ і ЧР».
2/2 Prezident republiky označil připravovaný zákon o veteránech z roku 1968 za drzou provokaci České republiky i jeho osobně. Důrazně sdělil velvyslanci Ruské federace, že v případě přijetí tohoto zákona lze očekávat dlouhodobé výrazně negativní dopady na vztahy mezi RF a ČR.
— Jiří Ovčáček (@PREZIDENTmluvci) 13 июня 2019 г.
Аляксандр Зьмяеўскі, у сваю чаргу, запэўніў Зэмана, што Расея працягвае займаць пазыцыю, выкладзеную ў Дамове аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Чэскай Рэспублікай ад 1993 году, у якой асуджаецца акупацыя Чэхаславаччыны войскамі Варшаўскай дамовы ў 1968 годзе і наступнае знаходжаньне савецкіх войскаў на тэрыторыі ЧССР.
Ініцыятыва надаць удзельнікам уварваньня ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе статус вэтэранаў належыць расейскім дэпутатам-камуністам Мікалаю Каламойцаву і Юрыю Сінельшчыкаву. Цяпер праект закону знаходзіцца на разглядзе Дзярждумы. У выпадку яго прыняцьця статус вэтэрана могуць атрымаць каля 4000 расейцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія камуністы запатрабавалі забараніць сэрыял «Чарнобыль»