Мужчына спрабаваў парэзаць вены на ганку Гомельскага аблвыканкаму

  • БелаПАН

Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, архіўнае фота

Невядомы мужчына спрабаваў парэзаць вены на ганку будынку Гомельскага аблвыканаму 7 чэрвеня каля 10:10, піша БелаПАН.

Прэс-сакратарка выканкаму Вольга Рабікава сьцьвярджае, што дзяжурныя міліцыянты заўважылі, як на ганку сядзіць чалавек і хістаецца, а як пабачылі кроў, выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу.

Мужчына выжыў, ён шпіталізаваны. Рабікава сьцьвярджае, што ён меў зьнешнія прыкметы алькагольнага або наркатычнага ап’яненьня, чыніў міліцыянтам і мэдыкам. Пра матывы ўчынку нічога не вядома.

Свабодзе Рабікава заявіла, што менавіта на ганку мужчына ня рэзаў вены: адкуль кроў, ня ведаюць, але на відэазапісе здарэньня ня бачна, каб мужчына наносіў сабе пашкоджаньні.

Міліцыя сьцьвярджае толькі, што па прыбыцьці міліцыянты пабачылі мужчыну з траўмамі рук — як выявілася пазьней, рэзанымі ранамі. Пра супраціў не паведамляецца.

Пра мужчыну вядома, што ён жыве ў Гомельскім раёне, нарадзіўся ў 1985 годзе, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, судзімы за махлярства, крадзеж і абарот наркотыкаў.