На хабары злавілі дырэктара Менскага домабудаўнічага камбінату, — Tut.by

Сяргей Сямашка, дырэктар Менскага домабудаўнічага камбінату

Паводле зьвестак крыніц беларускага парталу Tut.by, у дачыненьні дырэктара Менскага домабудаўнічага камбінату распачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару. Сьцьвярджаецца, што справу вядзе Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, але той пакуль не камэнтуе гэтых зьвестак.

Як сьцьвярджаюць крыніцы выданьня, Сяргей Сямашка 30 траўня атрымаў ад прадстаўніка прыватнай кампаніі 300 рублёў за «забесьпячэньне своечасовай аплаты за выкананьне падрадчыкам работы на будаўніцтве жылога дома на вуліцы Купрэвіча», а пасьля затрыманьня прызнаўся ў хабары на суму больш як 2500 рублёў і ўжо кампэнсаваў шкоду. Цяпер, піша Tut.by, Сямашку вызвалілі пад абавязаньне пра яўку.

Паводле арт. 430 КК, за атрыманьне хабару можа пагражаць ад 3 гадоў абмежаваньня волі да 15 гадоў турмы. Аляксандар Лукашэнка 10 траўня падпісаў дэкрэт № 3 «Аб дадатковых мэтадах барацьбы з карупцыяй», які забараняе ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і замену неадбытай часткі пакараньня больш мяккім асуджаным за карупцыю.

Менскі домабудаўнічы камбінат з 2002 году выступае замоўнікам будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у Менску, уваходзіць у склад «Менсбуду». У 2017 годзе былога кіраўніка «Менскбуду» асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за падман дольнікаў і завышэньне цэнаў на жытло, таксама на 3,5 года асудзілі ягонага першага намесьніка.