Парашэнка ўзначаліў партыю «Эўрапейская салідарнасьць»

Пятро Парашэнка

Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў пятніцу быў абраны старшынём партыі «Эўрапейская салідарнасьць».

Кандыдатуру Парашэнкі дэлегаты зьезду партыі, які прайшоў у Кіеве, падтрымалі аднагалосна.

У сваім выступе былы прэзыдэнт заявіў, што партыя пойдзе на выбары ў Вярхоўную Раду, якія павінны прайсьці ў ліпені, «каб перамагаць і браць уладу». Мэтай партыі Парашэнка назваў далучэньне Ўкраіны да Эўразьвязу і NATO.

На зьезьдзе прысутнічаў шэраг паплечнікаў Парашэнкі, а таксама старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій, які прадстаўляе іншую палітычную сілу — «Народны фронт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі вярнуў Саакашвілі ўкраінскае грамадзянства

«Эўрапейская салідарнасьць» — новая назва партыі «Блок Пятра Парашэнкі "Салідарнасьць"». Раней старшынём гэтай партыі быў мэр Кіева Віталь Клічко. У яе па-ранейшаму найбуйнейшая фракцыя ў Вярхоўнай Радзе.

Пакуль незразумела, хто ўвойдзе ў сьпіс партыі на выбарах у новую Вярхоўную Раду. Украінскія СМІ вылучаюць розныя вэрсіі аб перадвыбарчых альянсах, у прыватнасьці, з часткай «Народнага фронту» на чале з Парубіем або з прэм’ер-міністрам Уладзімірам Гройсманам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка кажа, што справы супраць яго адкрываюць па скаргах ворагаў Украіны

Партыя Парашэнкі знаходзіцца ў апазыцыі цяперашняму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму. У другім туры выбараў прэзыдэнта Ўкраіны 21 красавіка Парашэнка набраў менш за 25 працэнтаў галасоў, Зяленскі — больш за 73 працэнтаў.

Паводле апошніх апытаньняў, партыя Парашэнкі можа прэтэндаваць на 2-3 месца на выбарах у Раду. Наперадзе з вялікім адрывам партыя Зяленскага «Слуга народу».