Аўтар сэрыялу «Чарнобыль» Крэйг Мэйзін абвяргае абвінавачваньні ўкраінскага драматурга Паўла Ар’е ў плягіяце. Напярэдадні украінец заявіў, што ў сэрыяле выкарыстоўвалі маналёг бабы Прысі зь ягонай п’есы «На пачатку і напрыканцы часоў».
«Не, я ніколі не чытаў твораў і ня бачыў нічога ад Паўла Ар’е, я таксама не чуў пра Бабу Прысю. Натхненьне для гэтай сцэны — гэта момант, апісаны ў "Галасах з Чарнобылю" (назва кнігі Сьвятланы Алексіевіч у перакладзе на ангельскую мову), калі жанчына працягвае даіць карову, а салдат — выліваць малако. Яе прамова, аднак, цалкам мая», — напісаў Мэйзін у Twitter.
No, I’ve never read or seen anything by Pavlo Arie, nor have I heard of Baba Prisya. The inspiration for that scene is a moment described in “Voices From Chernobyl,” where a woman keeps milking and a soldier keeps pouring it out. Her speech, however, is entirely my own.
— Craig Mazin (@clmazin) May 30, 2019
На гэтым тыдні нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч паведаміла Свабодзе, што дала згоду на выкарыстаньне яе твору «Чарнобыльская малітва» для стварэньня сэрыялу HBO «Чарнобыль». Паводле яе быў заключаны адпаведны кантракт.
Сюжэтная лінія з пажарным Васілём Ігнаценкам цалкам узятая зь кнігі Сьвятланы Алексіевіч. Ігнаценка, якога грае актор Адам Нагайціс, быў у ліку першых, хто прыбыў на тушэньне пажару на чацьвёртым энергаблёку ЧАЭС. У выніку атрымаў сьмяротную дозу радыяцыі і пакутліва памёр у Маскве праз пару тыдняў.
Гісторыя Ігнаценкі — адна з самых шчымлівых у сэрыяле. Сьвятлана Алексіевіч напісала яе паводле доўгіх размоваў з жонкай Людмілай (акторка Джэсі Баклі). У інтэрвію Адам Нагайціс сказаў, што дадатковай інфармацыі пра свайго героя знайсьці было немагчыма з той прычыны, што ў СССР усе зьвесткі пра іх была засакрэчаныя, і адзінай крыніцай была кніга Алексіевіч.
Сама Сьвятлана Алексіевіч, якая цяпер знаходзіцца ў Лісабоне, яшчэ не бачыла сэрыялу, але вельмі хоча яго паглядзець. Яна плянуе гэта зрабіць, калі вернецца бліжэйшым часам у Беларусь. Нобэлеўская ляўрэатка паабяцала падзяліцца ўражаньнямі са Свабодай.
Тым часам чэскае выданьне Lidovky.cz у публікацыі пра сэрыял «Чарнобыль» выказала здагадку наконт выдуманага пэрсанажу Ўльляны Хамюк: «Таксама магчыма, што стваральнікі такім чынам робяць камплімэнт пісьменьніцы Алексіевіч, паколькі Хамюк некалькі падобная на яе і таксама паходзіць зь Беларусі».
Амэрыканска-брытанскі міні-сэрыял «Чарнобыль» распавядае пра самую буйную тэхнагенную катастрофу XX стагодзьдзя — выбух на Чарнобыльскай АЭС.
«Чарнобыльская малітва. Хроніка прышласьці» — кніга нобэлеўскай ляўрэаткі, беларускай журналісткі і пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, прысьвечаная аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Алексіевіч у наступныя пяць гадоў пасьля аварыі гутарыла зь пяцьцюстамі сьведкамі аварыі, у тым ліку пажарнымі, ліквідатарамі, палітыкамі, лекарамі, фізыкамі і звычайнымі грамадзянамі. Кніга апісвае псыхалягічную і асабістую трагедыю, якой стала Чарнобыльская аварыя, і дасьледуе ўражаньні людзей, і тое, як аварыя паўплывала на іх жыцьці.