Жыхара Смаленску абвінавацілі ў непавазе да ўлады за камэнтар да навіны пра непавагу да ўлады

Уладзімір Пуцін паліцыянт: каляж

На жыхара Смаленску Сяргея Камандзірава паліцыя склала адміністрацыйны пратакол «за непавагу да ўлады».

Як паведамляе інтэрнэт-рэсурс «7×7», 24 красавіка ён пракамэнтаваў пост у сацсетцы «ВКонтакте» аб першым выкарыстаньні «закону аб непавазе да ўлады» ў Наўгародзкай вобласьці (тады Юрыя Картыжава аштрафавалі на 30 тысяч рублёў за тое, што ён назваў Пуціна «сказочным ***ом»).

Блогер Камандзіраў разьмясьціў «у адкрытым доступе фота з выявай прэзыдэнта РФ Пуціна У. У. і тэкст „Знает каждый гражданин кто … № 1“».

На думку паліцыянтаў, Камандзіраў такім чынам распаўсюдзіў у інтэрнэце «інфармацыю, якая выказвае ў непрыстойнай форме відавочную непавагу да грамадзтва, дзяржавы, органаў, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўную ўладу ў РФ».

18 сакавіка Пуцін падпісаў закон аб непавазе да ўлады. Ён уводзіць штрафы за распаўсюд інфармацыі, «якая абражае чалавечую годнасьць і грамадзкую маральнасьць, дэманструе відавочную непавагу да грамадзтва, дзяржавы, афіцыйных дзяржаўных сымбаляў РФ, Канстытуцыі РФ або органаў, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўную ўладу ў РФ». За паўторнае парушэньне паводле гэтага артыкулу пагражае штраф да 200 тысяч рублёў або арышт на тэрмін да 15 сутак.

Больш за палову расейцаў (53%), апытаных сацыёлягамі незалежнага «Левада-Цэнтру», выступілі супраць гэтага закону. 64% апытаных пры гэтым наўпрост заявілі, што закон быў прыняты для таго, каб не дапусьціць крытыкі ўлады на фоне паведамленьняў аб даходах чыноўнікаў і кіраўніцтва краіны, сумнеўнай паводле свайго паходжаньня багацьця, незадэкляраванай маёмасьці, уласнасьці за мяжой, а таксама на фоне выпадкаў злоўжываньняў уладай і карупцыйных скандалаў.