Мэксыканская міністарка пайшла ў адстаўку, бо затрымала вылет самалёта

Прэзыдэнт Мэксыкі Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор

Міністарка навакольнага асяродзьдзя Мэксыкі Хасэфа Гансалес Блянка была вымушаная сысьці ў адстаўку пасьля таго, як на яе патрабаваньне вылет рэйсавага самалёта быў адкладзены на 38 хвілінаў.

Яна мелася ляцець з Мэхіка ў горад на мяжы з ЗША. Прычыны, зь якіх яна запатрабавала адкласьці рэйс, невядомыя.

Адзін з пасажыраў самалёту напісаў у Twitter, што самалёт быў гатовы да ўзьлёту, аднак пілёт абвясьціў, што атрымаў прэзыдэнцкі загад дачакацца яшчэ адну пасажырку. Пасажыр пазьней сфатаграфаваў міністарку, калі яна ўжо апынулася на борце, і стаў сароміць яе ў сацыяльных сетках.

Прэзыдэнт Мэксыкі Андрэс Мануэль Лёпэс Абрадор пацьвердзіў інцыдэнт і сказаў, што гэта «вельмі сумная сытуацыя».

Пасьля гэтага Гансалес Блянка апублікавала ліст аб адстаўцы, у якім яна папрасіла прабачэньня за ўчынак, які, паводле яе, супярэчыў «намаганьням па ачышчэньні мэксыканскага грамадзкага жыцьця».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Аўстрыі вынес вотум недаверу ўраду пасьля скандалу з «пляменьніцай расейскага алігарха»

Былая міністарка ўзяла адказнасьць за інцыдэнт на сябе. Яна падкрэсьліла, што загад экіпажу зыходзіў ад яе, а прэзыдэнт ня меў да гэтага ніякага дачыненьня.

Прэзыдэнт Абрадор прыняў адстаўку міністаркі, сказаўшы, што такія паводзіны несумяшчальныя зь ягонай палітыкай пераменаў у Мэксыцы.

Адміністрацыя прэзыдэнта заявіла, што сытуацыя з Гансалес Блянкай – пасланьне іншым чыноўнікам наконт нулявой талерантнасьці да злоўжываньняў уладай.