Амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік паабяцаў Расеі «гамбурскія санкцыі», калі тая адмовіцца выканаць рашэньне Міжнароднага трыбуналу ў марскім праве.
Учора трыбунал, які засядае ў Гамбургу, абавязаў Расею вызваліць украінскіх маракоў, захопленых ля берагоў анэксаванага Крыму ў лістападзе 2018 года, а таксама вярнуць тры затрыманыя ўкраінская караблі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трыбунал ААН: Расея мусіць вызваліць маракоў, якіх захапілі ў Керчанскім пралівеПаводле Мельніка, ён ужо зьвярнуўся да ўраду Нямеччыны і кіраўніка МЗС Хайка Маса. Ён заклікаў узмацніць ціск на расейскі бок і запатрабаваць ад яго неадкладнага выкананьня вэрдыкту трыбуналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Расея па-рознаму пракамэнтавалі рашэньне трыбуналу ААН пра вызваленьне маракоўУ адказ на заяву ўкраінскага амбасадара, сябра камітэта міжнародных спраў расейскага Савету Фэдэрацыі Алег Марозаў адзначыў, што магчымасьцьувядзеньня новых санкцый супраць Расеі вельмі малая.
А нават калі яны і будуць уведзеныя, то ніякай рэальнай пагрозы яны не нясуць.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што «для санкцый падставаў ня трэба — іх штампуюць на патоку». У ведамстве таксама выключаюць «магчымасьць задзейнічаньня канвэнцыі ААН у марскім праве 1982 году для вырашэньня інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы».
Раней Расея адмовілася ўдзельнічаць у пасяджэньні Міжнароднага трыбуналу.
- У суботу міжнародны трыбунал ААН у марскім праве абавязаў Расею неадкладна вызваліць украінскіх маракоў і дазволіць ім вяртаньне ва Ўкраіну, а таксама вызваліць тры захопленыя караблі.
- 25 лістапада 2018 у Керчанскай пратоцы расейскія вайскоўцы абстралялі і захапілі ўкраінскія катэры «Бярдзянск» і «Нікапаль», а таксама буксір з экіпажамі, якія накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль. Трое ўкраінскіх маракоў падчас нападу расейцаў былі параненыя.
- «Суды» ў Крыме арыштавалі 24 украінскіх вайскоўцаў, іх перавезьлі ў расейскі СІЗА «Лефортово».
- Палонным украінцам выставілі абвінавачаньне за незаконнае перасячэньне мяжы, ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.