Экзытполы: выбары ў Эўрапарлямэнт пакуль абвяргаюць прагнозы

Больш за 400 000 000 чалавек выбіраюць 751 члена Эўрапарлямэнту

Мільёны эўрапейцаў гэтымі днямі выбіраюць новых членаў Эўрапейскага парлямэнту. Як паказваюць першыя папярэднія вынікі ў краінах, дзе ўжо прайшло галасаваньне, вельмі правыя палітычныя партыі не дасягнулі таго посьпеху, які ім прагназавалі некаторыя аглядальнікі.

Галасаваньне ў заканадаўчы орган эўрапейцаў пачалося ў сярэдзіне тыдня, калі свае галасы аддалі Вялікабрытанія і Нідэрлянды, потым выбарцы ў Ірляндыі і Чэхіі. 25 траўня галасавалі яшчэ трое членаў Эўразьвязу: Латвія, Мальта і Славаччына. Астатнія краіны зьбіраюцца на выбары 26 траўня.

Згодна з экзытполам у Нідэрляндах, выбарцы падтрымалі партыі, прыхільныя да ЭЗ. Такі ж вынік у Ірляндыі, дзе лідэрства мае кіруючая партыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўнук Мусаліні і партыя «аднаўленьня Бэрлінскага муру». Галоўныя інтрыгі выбараў у Эўрапарлямэнт

У Нямеччыне сацыёлягі ставяць на першае месца хрысьціянскіх дэмакратаў канцлера Ангелы Мэркель, пасьля якіх ідуць зялёныя. Партыя Мэркель зьяўляецца дамінуючай сілай у агульнаэўрапейскім палітычным блёку, вядомым як група ЭНП.

Агулам больш як 400 000 000 людзей у ЭЗ маюць права абіраць 751 члена Эўрапарлямэнту.

Чакаецца, што першыя афіцыйныя вынікі будуць абвешчаныя позна ўвечары 26 траўня пасьля завяршэньня галасаваньня ва ўсіх 28 дзяржавах-сябрах ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем рэчаў, якія трэба ведаць пра выбары ў Эўрапарлямэнт