На вуліцы Вайсковай у Гомлі 14 траўня машына Міністэрства па надзвычайных сытуацыях зьбіла раварыста. За стырном быў супрацоўнік Унівэрсытэту грамадзянскай абароны МНС, ён зьехаў зь месца здарэньня.
Інфармацыю пацьвердзіў Tut.by афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі. Першымі інфармацыю пра датычнасьць да здарэньня машыны і супрацоўніка МНС напісалі Gomel.today і тэлеграм-канал Nexta.
Паводле Сьледчага камітэту, 26-гадовага кіроўцу затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага затрыманьня. Ён кіраваў службовым аўто «МАЗ 533 702» і вяртаўся з вучэбнага палігону ва ўнівэрсытэт. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.
Паводле крыніц Nexta, пасьля ДТЗ кіроўца вярнуўся на базу, памыў машыну і выдаліў файлы са службовага відэарэгістратару.