Зяленскі дамовіўся зь лідэрамі фракцый аб роспуску Рады. Названыя магчымыя даты выбараў

Уладзімір Зяленскі ў Вярхоўнай Радзе падчас прэзыдэнцкай інаўгурацыі, 20 траўня 2019

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 21 траўня дамовіўся зь лідэрамі фракцый Вярхоўнай Рады пра тое, што парлямэнт будзе распушчаны, а ў краіне пройдуць датэрміновыя выбары.

«Галоўным аргумэнтам для роспуску Вярхоўнай Рады зьяўляецца вельмі нізкі давер грамадзян Украіны да гэтага інстытуту — 4%. Гэта — ацэнка працы парлямэнту і самы важкі аргумэнт для спыненьня яго паўнамоцтваў. Я як гарант Канстытуцыі абавязаны гарантаваць правы грамадзян Украіны. Юрыдычная падстава для роспуску — з 2016 году не існавала кааліцыі», — сказаў Зяленскі.

У Адміністрацыі прэзыдэнта сказалі журналістам, што падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Вярхоўнай Рады і лідэрамі парлямэнцкіх фракцый і групаў гаварылася аб скліканьні пазачарговага пасяджэньня Вярхоўнай Рады для прыняцьця зьмяненьняў у дзейнае выбарчае заканадаўства, у прыватнасьці аб адмене мажарытарнай сыстэмы і зьніжэньні прахаднога бар’еру да 3%.

Пасьля сустрэчы віцэ-спікер парлямэнту Ірына Герашчанка выказала здагадку, што пазачарговыя выбары ў Вярхоўную Раду адбудуцца 21 або 28 ліпеня.

Дарадца прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага ў юрыдычных пытаньнях Андрэй Багдан, са свайго боку, заявіў, што ўказ аб роспуску Вярхоўнай Рады будзе падпісаны ў бліжэйшы час, і «найбольш дапушчальнай» датай пазачарговых парлямэнцкіх выбараў зьяўляецца 21 ліпеня.

Падчас інаўгурацыйнай прамовы ў парлямэнце 20 траўня Зяленскі заявіў, што распускае Вярхоўную Раду восьмага скліканьня, а таксама заклікаў урад падаць у адстаўку.

Паводле Канстытуцыі Ўкраіны, пазачарговыя выбары ў парлямэнт праводзяцца ў пэрыяд 60 дзён з дня апублікаваньня рашэньня аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Першапачаткова парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне былі заплянаваныя на 27 кастрычніка 2019.