У сувязі са скандалам у Аўстрыі прэзыдэнт выступіў за правядзеньне датэрміновых выбараў

Былы віцэ-канцлер Хайнц-Крысьціян Штрахэ і канцлер Сэбасьцян Курц

Скандал з прычыны відэа, на якім віцэ-канцлер, як сьцьвярджаецца, прапануе дзяржкантракты інвэстару з Расеі, выклікаў распад кіруючай кааліцыі

Прэзыдэнт Аўстрыі лічыць, што першыя дні верасьня будуць лепшым часам для правядзеньня датэрміновых выбараў, пасьля таго, як скандал са схаванай відэаздымкай скалыхнуў палітычнае жыцьцё краіны.
Прэзыдэнт Аляксандар Ван дэр Бэлен заявіў пра гэта ў нядзелю пасьля сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Сэбасьцянам Курцам.

Курц заклікаў правесьці новыя выбары пасьля таго як віцэ-канцлер Хайнц-Крысьціян Штрахэ падаў у адстаўку, папрасіўшы прабачэньня за свае дзеяньні, якія трапілі на відэа, дзе ён, як сьцьвярджаецца, прапануе дзяржкантракты меркаванаму расейскаму інвэстару на вечарыне ў Ібіцы.

Курц заявіў пра разрыў кааліцыйных адносін паміж яго правацэнтрысцкай Аўстрыйскай народнай партыяй і антыімігранцкай Аўстрыйскай партыяй свабоды, якую ўзначальвае Штрахэ. Відэа было апублікавана двума нямецкімі СМІ.