«Прыедуць міліцыянты з усёй краіны». У Магілёве разьвіталіся зь Яўгенам Патаповічам. ФОТА, ВІДЭА

У Магілёве сёньня разьвітваюцца з 22-гадовым Яўгенам Патаповічам — супрацоўнікам міліцыі, якога забілі ў чацьвер, 16 траўня.

Разьвітаньне пачалося а 9-й гадзіне і працягнецца да 12-й. Яно праходзіць у будынку абласной філярмоніі ў цэнтры Магілёва.​

Камандзір АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзьмітры Балаба

У цэнтры завуч школы, дзе вучыўся Яўген Патаповіч

​Рух па вуліцы Першамайскай вуліцы часткова перакрыты, каб там маглі паркавацца супрацоўнікі міліцыі, якія прыяжджаюць на разьвітаньне.

«Чакаецца вельмі шмат людзей. Сёньня прыедуць міліцыянты з усёй краіны», — сказаў адзін зь міліцыянтаў.

Калегі Яўгена Патаповіча

Каля 10-й гадзіны да труны зь целам Яўгена пачалі па чарзе падыходзіць дэлегацыі розных структур сілавых ведамстваў. Былі прадстаўнікі дарожна-паставой і патрульна-паставой службаў, Сьледчага камітэту. Выдзяляецца формай кіраўніцтва магілёўскага АМАПу.

Каля 10:30 пачалося адпяваньне з праваслаўным сьвятаром. У невялікім фае філярмоніі не зьмяшчаюцца ўсе людзі, таму шмат хто стаіць ля ўваходу.

Прыехала кіраўніцтва МУС зь Менску.​

​На разьвітаньне прыйшло вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі. Самая вялікая група – супрацоўнікі дарожна-паставой службы. Менавіта ў гэтай структуры працаваў Яўген Патаповіч.

​Прыйшлі школьныя сябры, шмат вучняў розных клясаў зь 7-й школы, дзе вучыўся Яўген.

«У іх была дружная кампанія, звычайна пасьля школы людзі разыходзяцца, а яны добра сябравалі. Жыцьцялюб. Такім быў Жэня», — сказала Алена Громава, якая добра ведала Яўгена.

У цэнтры Іван Кубракоў, кіраўнік Менскага ГУУС

На разьвітаньне зь Яўгенам прыйшлі ня толькі сваякі і калегі, але і шмат шараговых магілёўцаў.

«Не магу прыйсьці ў сябе пасьля гэтага дзікага выпадку. Я прыйшла аддаць даніну пашаны гэтаму хлопцу», — сказала Вольга Мікалаеўна, чый унук навучаецца на міліцыянта зараз.

​Яўгена Патаповіча пахавалі ў вёсцы Вішоў у 30 кілямэтрах ад Магілёва. Адсюль праходзіць ягоная бабуля Ніна, разам зь якой малады міліцыянт жыў у Магілёве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянта забілі стрэлам у галаву, вэрсія пра чорную машыну не прыярытэтная, — Сьледчы камітэт

Увечары 16 траўня зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ Яўген Патаповіч. Меркавана, ён адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены. Пазьней Патаповіча знайшлі мёртвым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як міліцыя шукала забойцаў лейтэнанта Патаповіча і выкрадальнікаў генэрала Захаранкі? Параўноўваем