Выкрадзенага супрацоўніка ДАІ знайшлі мёртвым

Міліцыя на вуліцах

Загінуў лейтэнант 1996 году нараджэньня.

Увечары 16 траўня ў Магілёўскай вобласьці міліцыю паднялі па трывозе, у рэгіёне ўвялі ў дзеяньне плян «Сырэна», на дарогах па ўсёй Беларусі выставілі блёкпасты, бо быў выкрадзены супрацоўнік ДАІ.

У аддзеле апэратыўна-дзяжурнай службы УУС Магілёўскага аблвыканкаму Радыё Свабода двойчы казалі, што гэтай інфармацыі «пакуль не пацьвердзілі», а потым перасталі адказваць на тэлефанаваньні.

Пазьней Tut.by паведаміў са спасылкай на неназваныя крыніцы, што выкрадзенага афіцэра знайшлі мёртвым.​ Яшчэ пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзіла дзяржаўнае тэлебачаньне. Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава ў эфіры праграмы «Панарама» на тэлеканале «Беларусь 1» сказала, што загінуў лейтэнант 1996 году нараджэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першае відэа зь месца, дзе знайшлі цела забітага ў Магілёве міліцыянта

У Тэлеграм-канале Сьледчага камітэту паведамілі, што пачалі крымінальную справу па артыкуле 362 (Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананьнем ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку) і што справа знаходзіцца «на асабістым кантролі» старшыні СК Івана Наскевіча. Сьледчыя, міліцыя і экспэрты працуюць на месцы здарэньня.

Your browser doesn’t support HTML5

Месца, дзе знайшлі забітага афіцэра ДАІ

​Зьявіўся і запіс у твітэры Міністэрства ўнутраных спраў:

Што вядома?

  • Выкралі лейтэнанта дарожна-патрульнай службы ДАІ. Меркавана, супрацоўнік ДАІ адзін выехаў на выклік у магілёўскі мікрараён Чапаеўка і быў захоплены.
  • Паводле інфармацыі, якую а 20-й гадзіне разаслалі ўсім пастам і супрацоўнікам міліцыі, афіцэра зьвезьлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ («Волга») чорнага колеру з танаванымі вокнамі і расейскімі рэгістрацыйнымі нумарамі.
  • Нумары 67-ы ці 69-ы рэгіён Расеі, піша Tut.by.

Тэлеграм-канал NEXTA паведаміў, што зь перамоваў міліцыі вынікае — «Волгу» затрымалі ў Гомлі.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч каля 23 гадзіны паводле менскага часу сказаў Радыё Свабода, што пакуль не валодае інфармацыяй пра тое, ці затрымалі падазраваных.