Забарону наведваць лясы адмянілі ў чатырох абласьцях Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Забарону на наведваньне лясоў цалкам зьнялі ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях, часткова — у асобных раёнах Горадзеншчыны.

На момант публікацыі нельга наведваць лясы:

  • Ва ўсіх раёнах Берасьцейшчыны;
  • На Горадзеншчыне ў Сьвіслацкім, Ваўкавыскім і Бераставіцкім раёнах.

Апэратыўна адсочваць забарону наведваць лясы ў сваім рэгіёне можна на інтэрактыўнай мапе Міністэрства лясной гаспадаркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалі крымінальную справу за лясны пажар на Горадзеншчыне

Міністэрства лясной гаспадаркі 26 красавіка забараніла наведваць лясы па ўсёй Беларусі.

Падчас забароны на наведваньне лясоў людзям нельга хадзіць у лес, а таксама прыяжджаць туды на асабістым транспарце. Выключэньнем зьяўляюцца дарогі, якія вядуць да населеных пунктаў ці лецішчаў празь лес. Ва ўсіх астатніх выпадках парушальнікаў могуць пакараць папярэджаньнем ці штрафам каля 640 рублёў паводле арт. 15.29 КаАП. Калі будзе пашкоджаны лес ці тарфянік, штраф павялічыцца ўдвая.

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк 27 красавіка заявіў, што парушальнікаў супрацьпажарнага заканадаўства будуць прыцягваць да адказнасьці, у тым ліку крымінальнай.