На эўрапейскіх выбарах у Вялікай Брытаніі можа перамагчы партыя «Брэксыт»

Лідэр партыі «Брэксыт» Найджэл Фараж

Паводле апытаньня, партыя «Брэксыт», якую ўзначальвае Найджэл Фараж, лідэр на эўрапейскіх выбарах. Дадзеныя апытаньня Opinium у нядзелю, 12 траўня, публікуе брытанскае нядзельнае выданьне The Observer.

Вынікі апытаньня паказваюць, што партыя «Брэксыт», створаная ў пачатку 2019 году ініцыятарам выхаду Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу Найджэлам Фаражам, можа атрымаць у галасаваньні на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт 26 траўня каля 34% галасоў. Гэта больш, чым у лейбарыстаў і кансэрватараў разам узятых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З вокладак новых брытанскіх пашпартоў зьніклі словы «Эўрапейскі зьвяз»

​Паводле апытаньня, лейбарысты атрымаюць 21% галасоў, кансэрватары на чале з прэм’ер-міністаркай Тэрэзай Мэй — 11%. Кансэрватараў апярэджвае таксама праэўрапейская партыя «Лібэральныя дэмакраты» (12%). Далей ідуць «зялёныя» (8%) і былая партыя Фаража UKIP ( «Партыя незалежнасьці Вялікай Брытаніі») (4%).

Тымчасам як Вялікая Брытанія атрымала адтэрміноўку Брэксыту да 31 кастрычніка, грамадзкае меркаваньне ўнутры краіны ўсё мацней дзеліцца паміж тымі, хто хоча выхаду з Эўразьвязу без пагадненьня, і тымі, хто спадзяецца, што Брэксыт можна скасаваць. Ніводную з гэтых пазыцыяў не падтрымліваюць ні кансэрватары, ні лейбарысты.