У ЗША вызвалілі з-пад варты інфарматарку Wikileaks Чэлсі Мэнінг. Але могуць зноў пасадзіць

Чэлсі Мэнінг, 2018 год

Былая вайскоўка сухапутных сіл ЗША Чэлсі Мэнінг у чацьвер была вызваленая з турмы ў прыгарадзе Вашынгтона, дзе яна правяла амаль два месяцы, паведамляе CNN.

У сакавіку Чэлсі Мэнінг узялі пад варту за непавагу да суду, што разьбіраў справу сайту Wikileaks, які ў 2010 годзе апублікаваў службовыя дакумэнты Пэнтагону і Дзяржаўнага дэпартамэнту. Мэнінг згаджалася даваць паказаньні суду, але толькі ў парадку адкрытага разгляду. Пракуратура ж настойвала на тым, каб закрыць пасяджэньне, паколькі на ім павінна была фігураваць канфідэнцыйная інфармацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вялікабрытаніі Асанжа асудзілі на год турмы

Згодна зь дзейным у ЗША заканадаўствам, асоба, якая праявіла непавагу да суду ў грамадзянскай справе, можа утрымлівацца пад вартай да таго часу, пакуль ёсьць хоць нейкі шанец, што пазбаўленьне волі прымусіць яе перадумаць і пайсьці на супрацоўніцтва з правасудзьдзем. На днях адвакаты Мэнінг накіравалі суду ліст пра тое, што такіх шанцаў няма. Падабаронная даказала, што не адступіць ад сваёй пазыцыі, і таму павінна быць вызвалена, заявілі адвакаты.

Неўзабаве пракуратура зьбіраецца ізноў выклікаць Мэнінг на слуханьні. Як заявілі прадстаўнікі абароны, яна зноў адмовіцца даваць паказаньні ў парадку закрытага разгляду.

Чэлсі Мэнінг была асуджаная на 35 гадоў турмы строгага рэжыму за наданьне галоснасьці праз Wikileaks сотням тысяч сакрэтных дакумэнтаў, якія адносяцца да войнаў у Іраку і Аўганістане. Яна правяла ў зьняволеньні сем гадоў і была памілаваная былым прэзыдэнтам ЗША Абамам незадоўга да таго, як ён пакінуў Белы дом.