Назвалі папярэднія прычыны авіякатастрофы ў «Шарамецьцеве»

Пра гэта са спасылкай на сьледчыя органы паведамляе выданьне «Камэрсант».

Адной з асноўных вэрсіяў прычын авіякатастрофы лайнэра Sukhoi Superjet 100 у «Шарамецьцеве» — памылка экіпажу, паведамляе «Камэрсант».

Паводле выданьня, пілёты дапусьцілі тры памылкі, якія прывялі да катастрофы і гібелі часткі пасажыраў. Першай зь іх стала рашэньне пракласьці курс праз навальніцу, у выніку чаго ў самалёт трапіла маланка і пашкодзіла частку яго электроннага абсталяваньня. Другой памылкай экіпажу было рашэньне сядаць, нягледзячы на вялікі аб’ём неспажытага паліва. Трэцяй — рашэньне працягваць спробы пасадкі, нягледзячы на відавочныя праблемы пасьля першага дотыку да пасадачнай паласы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт РФ: пры аварыі самалёта загінуў 41 чалавек

Праца сьледчых працягваецца. Паводле інфармацыі «Камэрсанту», яны маюць шэраг пытаньняў і да ратавальнікаў, якія працавалі ў той дзень на тэрыторыі аэрапорту.

Авіякатастрофа лайнэра Sukhoi Superjet 100 ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьцева» здарылася ўвечары 5 траўня. Неўзабаве пасьля ўзьлёту экіпаж сутыкнуўся з праблемамі і вырашыў вярнуцца ў аэрапорт вылету. Падчас цьвёрдай пасадкі шасі лайнэра прабілі паліўныя бакі, усчаўся пажар. У выніку здарэньня загінуў 41 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знайшлі чорныя скрыні лайнэра, які згарэў у «Шарамецьцеве»

«Сухой Суперджет» — першы пасажырскі самалёт, распрацаваны ў Расеі пасьля распаду СССР. На ім лётаюць з 2011 году, пераважна расейскія авіякампаніі. Раней аварыя SSJ-100 з чалавечымі ахвярамі адбылася ў Інданэзіі ў 2012 годзе, тады загінулі 45 чалавек. Прычынай тады быў прызнаны «чалавечы фактар».