На месцы аварыйнай пасадкі лайнэра Sukhoi Superjet 100 знайшлі дзьве чорныя скрыні. Яшчэ дзьве прылады фіксацыі тэхнічнага стану самалёта пакуль ня выявілі, піша «РБК».
У якім стане бартавыя самапісцы і ці можна іх расшыфраваць, стане вядома пасьля ўскрыцьця.
Самалёт зрабіў аварыйную пасадку і загарэўся. Ён выконваў рэйс SU-1492 Масква — Мурманск і ўзьляцеў у 17:57 маскоўскага часу. У 18:25 пілёты паведамілі пра аварыйную сытуацыю, празь пяць хвілінаў пасьля гэтага самалёт вярнуўся ў Шарамецьцева. Пасажыры эвакуаваліся па ратавальных трапах. Прэс-сакратар «Аэрафлоту» заявіў, што эвакуацыя заняла 55 сэкунд, гэта хутчэй, чым трэба паводле нарматываў. Аднак, як паведамляе «Інтэрфакс», частка людзей у хваставым адсеку не пасьпела эвакуавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У маскоўскім аэрапорце гарэў пасажырскі самалётПаводле адных паведамленьняў, адбыўся пажар на борце (крыніца ТАСС называе ў якасьці прычыны маланку), паводле іншых — пажар усчаўся падчас цьвёрдай пасадкі.
Хваставая частка самалёта амаль цалкам згарэла. Паводле інфармацыі вытворцы, кампаніі «Сухой», самалёт быў выпушчаны ў жніўні 2017 году і прайшоў тэхнічнае абслугоўваньне ў красавіку 2019-га.
«Сухой Суперджет» — першы пасажырскі самалёт, распрацаваны ў Расеі пасьля распаду СССР. На ім лётаюць з 2011 году, пераважна расейскія авіякампаніі. Раней аварыя SSJ-100 з чалавечымі ахвярамі, адбылася ў Інданэзіі ў 2012 годзе, тады загінулі 45 чалавек. Прычынай тады быў прызнаны «чалавечы фактар».