Ізраіль нанёс паветраныя ўдары па сэктары Газы

На працягу 30 хвілін было выпушчана ня менш за 50 ракет

Ізраільскія вайсковыя самалёты нанесьлі ракетныя ўдары па сэктары Газы пасьля таго, як палестынцы выпусьцілі ракеты ў напрамку Ізраілю 4 траўня, паведамляе Ізраільскае радыё.

Паводле паведамленьня, як найменей 50 ракет былі выпушчаныя на працягу 30 хвілін, дадзеных пра ахвяры сярод ізраільцян няма. Многія ракеты былі перахопленыя.

Прадстаўнікі органаў аховы здароўя Газы заявілі, што трое палестынцаў былі параненыя ў выніку аднаго з ізраільскіх удараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў 100 цэляў у сэктары Газы ў адказ на пуск ракет па Тэль-Авіву

Чарговае абвастрэньне адбылося пасьля забойства ў выніку ізраільскага паветранага ўдару 3 траўня двух баевікоў з ісламісцкай групоўкі «Хамас» ў сэктары Газы.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што гэта быў адказ на агонь недалёка ад мяжы, у выніку якога былі параненыя двое ізраільскіх салдат. Акрамя таго, падчас штотыднёвых дэманстрацый на мяжы Газы і Ізраілю 3 траўня былі забітыя 2 палестынцы.