Улады Амстэрдаму да 2030 году забароняць усе машыны на бэнзіне і дызэльным паліве

Илюстрацыйнае фота

Гарадзкія ўлады Амстэрдаму прынялі рашэньне забараніць выкарыстаньне любых аўтамабіляў і матацыклаў на бэнзіне і дызэльным паліве ў горадзе да 2030 году. Такім чынам мэрыя хоча змагацца з забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя.

Узровень забруджваньня паветра ў Нідэрляндах вышэй дапушчальнага ў Эўропе ў асноўным з прычыны аўтамабільнага руху ў Амстэрдаме і Ратэрдаме, паведамляе агенцтва Reuters.

Выкарыстаньне электрычных і вадародных машын забараняць у Амстэрдаме ня будуць. Гарадзкія ўлады пачнуць з таго, што ў 2020 годзе забароняць машыны на дызэльным паліве, выпушчаныя да 2005 году, і працягнуць пашыраць сьпіс забароненых аўтамабіляў. Каб заахвоціць мясцовых жыхароў выкарыстоўваць больш чыстыя машыны, ім вылучаць парковачныя месцы і іншыя субсыдыі.

Аналягічнае рашэньне ў 2017 годзе прынялі ўлады Парыжу. Сама Францыя таксама да 2040 году плянуе перайсьці на экалягічна чыстыя аўтамабілі. Але спачатку такі пераход неабходна рэалізаваць у буйных гарадах, якія сёньня зьяўляюцца і самымі забруджанымі.

«Гэта доўгатэрміновы плян і стратэгія, якая паменшыць выкіды, якія правакуюць «парніковы эфэкт», — заявіў радыёстанцыі France Info афіцыйны прадстаўнік па транспартнай палітыцы пры мэры Парыжа Крыстоф Найдоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму электрамабіль у Беларусі экзотыка? Пытаньні аўтааматараў і адказы ўладаў

Па дадзеных статыстыкі, сёньня на 66 млн жыхароў Францыі прыпадае каля 32 млн аўтамабіляў. Але большасьць парыжан пры гэтым абыходзяцца без машын і аддаюць перавагу грамадзкаму транспарту, роварам і скутэрам. Апошнія гады ў Парыжы таксама набірае папулярнасьць кароткатэрміновая арэнда аўтамабіляў.

У той жа час многія жыхары францускай правінцыі не гатовыя адмовіцца ад машын і крытыкуюць парыскія ўлады за тое, што яны ў апошнія гады забаранілі ўезд у горад на аўтамабілях, старэйшых за 20 гадоў, а таксама пашырылі ў горадзе зоны, куды ўезд на аўтамабілях наогул забаронены, і рэгулярна праводзяць «дні без аўтамабіляў», паведамляе Настоящее время.