У Смаргонях дэмантавалі Леніна. Абяцаюць вярнуць «яшчэ лепшым». ФОТА і ВІДЭА

На цэнтральнай плошчы Смаргоняў на Горадзеншчыне зьнесьлі помнік Уладзіміру Леніну перад будынкам райвыканкаму. Ленін стаяў тут з 1970-х. П’едэстал таксама дэмантавалі.

Як паведамілі Свабодзе ў раённай камунальнай службе, Ленін мае вярнуцца на сваё месца ўвосень, калі ў горадзе пройдуць абласныя «Дажынкі», прызначаныя на 17 лістапада 2019 году. У рамках падрыхтоўкі да іх райвыканкам прыняў рашэньне адрэстаўраваць помнік Леніну.

Выдаткі на гэтыя мэты не раскрываюцца, праект таксама. Пакуль скульптура знаходзіцца на базе раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Адмыслоўцы выказваюць думку, што аўтарам смаргонскага Леніна быў савецкі скульптар Сяргей Мяркураў — менавіта пад яго кіраўніцтвам былі створаныя шматлікія помнікі Леніну, Сталіну ды іншым камуністычным дзеячам па ўсім СССР.

У Беларусі ёсьць падобныя працы ў іншых гарадах, што дае падставу казаць пра тыповую форму. Падчас так званага «ўкраінскага ленінападу» былі зрынутыя тысячы такіх статуй, у тым ліку помнік работы Мяркурава на Бесарабскай плошчы ў Кіеве.

Помнік Леніну на высокім пастамэнце зьявіўся ў цэнтры Смаргоняў у 1972 годзе, апошнім часам ён быў моцна занядбаны. З усіх бакоў яго атачаюць культавыя збудаваньні: касьцёл сьвятога Міхаіла Архангела (былы кальвінскі збор XVI стагодзьдзя), хрысьціянскі адукацыйны цэнтар пры ім, а таксама праваслаўная Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква на месцы разбуранай у Першую ўсясьветную вайну.

Смаргонскі Ленін ня ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, з кожным годам ён выглядаў усё менш прэзэнтабэльна. Але адмовіцца ад савецкай спадчыны, якая ня мае ні мастацкай, ні культурнай каштоўнасьці, раённая адміністрацыя не захацела.

"Ленін у Смаргоні". Аўтар: смаргонскі мастак Андрэй Анро

На форуме Смаргонскай раённай газэты «Сьветлы шлях» некаторыя жыхары гораду выказваюцца за знос гэтага помніка і сьцьвярджаюць, што замест Леніна варта ўшанаваць, напрыклад, Станіслава Радзівіла, заснавальніка знакамітай «мядзьведжай акадэміі» ў Смаргонях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Ленін не заўсёды стаіць на месцы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лунінецкага Леніна ў «макіяжы» зафарбавалі бронзай