Трамп зрабіў больш жорсткімі ўмовы допуску ўцекачоў у ЗША

Ілюстрацыйнае фота. Мігранты перабіраюцца праз памежную агароджу ў раёне мэксыканскага горада Пэдра Пардо

Увечары 29 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аддаў распараджэньне аб увядзеньні новых захадаў для кантролю патоку мігрантаў, якія спрабуюць атрымаць прыстанішча ў Злучаных Штатах.

У ліку захадаў, якія Міністэрства ўнутранай бясьпекі павінна ажыцьцявіць за тры месяцы, — разгляд заяў аб даваньні прыстанішча на працягу 180 дзён з дня падачы, увядзеньне аплаты за разгляд заяву і даваньне часовага дазволу на працу і забарона на выдачу падобных дазволаў тым, хто перайшоў мяжу незаконна.

«Мэта гэтага мэмарандуму, — гаворыцца ў дакумэнце, — забясьпечыць выкананьне працэдур, зьвязаных з даваньнем прыстанішча і прадухіліць гіганцкія злоўжываньні ў ходзе гэтага працэсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прапанаваў адпраўляць мігрантаў у гарады-прыстанішчы

Згодна з законам, кожны чалавек, які папрасіў прыстанішча на памежным пункце на амэрыканскай мяжы, мае права на разгляд ягонай просьбы, які можа зацягнуцца на некалькі гадоў. Для мільёнаў нелегалаў такім чынам адкрываюцца дзьверы ў краіну. Пераважная большасьць зь іх не атрымліваюць прыстанішча і жывуць у краіне нелегальна.

Адміністрацыя Трампа робіць розныя крокі, сярод іх вяртаньне гэтых людзей у Мэксыку на час разгляду заяў аб прыстанішчы і збудаваньне іміграцыйных цэнтраў, дзе ўтрымліваюцца просьбіты аб прыстанішчы. Аднак шмат якія з гэтых захадаў былі прызнаныя незаконнымі амэрыканскімі судамі.

У сакавіку пры незаконным пераходзе мэксыканска-амэрыканскай мяжы затрымалі 92 тысячы мігрантаў. Летась у сакавіку колькасьць арыштаваных склала каля 38 тысяч.