Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прапанаваў адпраўляць мігрантаў у гарады-прыстанішчы


Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс заявіла, што прэзыдэнт хоча выставіць двойчы адрынутую прапанову накіроўваць мігрантаў у «гарады-прыстанішчы», але гэта не зьяўляецца найлепшым рашэньнем у выпраўленьні заган іміграцыйнай сыстэмы.

Па словах Сандэрс, гэта адзін з шматлікіх варыянтаў.

«Мы, вядома ж, разглядаем усе магчымыя варыянты, пакуль дэмакраты [якія знаходзяцца ў апазыцыі] адмаўляюцца прызнаць наяўнасьць крызісу на мяжы», — заявіла Сандэрс, выступаючы на тэлеканале Fox News. Раней агенцтва Associated Press, спасылаючыся на крыніцы, знаёмыя са зьместам дыскусій, паведаміла, што такі плян абмяркоўваўся ў лістападзе і ў лютым. Ён быў прааналізаваны, і супрацоўнікі Міністэрства ўнутранай бясьпекі заявілі, што гэта запатрабуе зашмат выдаткаў.

Крыніцы не былі ўпаўнаважаныя выступаць публічна і гутарылі з Associated Press на ўмовах ананімнасьці. Супрацоўнікі Іміграцыйнай і мытнай службы могуць сутыкнуцца з цяжкасьцямі пры арышце людзей, якіх належыць дэпартаваць, паколькі так званыя гарады-прыстанішчы не супрацоўнічаюць з гэтым ведамствам.

Увечары ў суботу Трамп напісаў у «Твітэры»:

«Дэмакраты павінны зьмяніць іміграцыйнае заканадаўства неўзабаве. У адваротным выпадку гарады-прыстанішчы павінны неадкладна зрабіць захады, каб паклапаціцца пра нелегальных імігрантаў, уключаючы чальцоў бандаў, наркадылераў, гандляроў людзьмі і злачынцаў усіх масьцей. Зьмяніць законы неадкладна!» Як нагадвае карэспандэнт «Голасу Амэрыкі» Кен Брэдэмаер, сотні амэрыканскіх гарадоў, а таксама самы населены штат краіны, Каліфорнія, абвясьцілі сябе прыстанішчамі для мігрантаў, якія незаконна перасеклі мяжу ЗША і Мэксыкі. Яны адмаўляюцца дапамагаць іміграцыйным уладам ЗША адсочваць імігрантаў, каб іх можна было дэпартаваць.

Амэрыканскія памежныя органы ў сакавіку затрымалі на мяжы больш за 100 тысяч нелегальных мігрантаў, галоўным чынам з Гватэмалы, Гандурасу і Сальвадору, што амаль у два разы больш, чым у сакавіку 2018 году.

«ЗША маюць поўнае права перадаваць нелегальных імігрантаў у гарады-прыстанішчы, — напісаў Трамп. — Гэтым мы патрабуем, каб пра іх клапаціліся на самым высокім узроўні, асабліва ў штаце Каліфорнія, вядомым сваёй неэфэктыўнай сыстэмай кіраваньня і высокімі падаткамі!» Фэдэральныя ўлады разьмяшчаюць тысячы мігрантаў на мяжы, але ў іх заканчваюцца ложкі, і таму яны адпускаюць новых мігрантаў, узяўшы ў іх абяцаньне зьявіцца на слуханьні аб наданьні прыстанішча, якія, магчыма, пройдуць толькі праз два гады. Міністэрства ўнутранай бясьпекі паведаміла, што Кангрэс ня выдзеліў сродкаў для перавозкі мігрантаў у аддаленыя горады-прыстанішчы, а Іміграцыйная і мытная служба назвала гэтую ідэю «залішнім апэрацыйным цяжарам».

Паводле Сандэрс, ніхто ня лічыць, што рашэньне аб накіраваньні мігрантаў у гарады-прыстанішчы — ідэальнае рашэньне. Аднак мэры гарадоў, «якія хочуць гэтага, павінны імкнуцца дапамагчы» Трампу з урэгуляваньнем крызісу на мяжы. Яна абвінаваціла Кангрэс у жаданьні выдаткаваць «увесь свой час на расьсьледаваньні дзейнасьці прэзыдэнта», а не на працу з іміграцыйным хаосам на мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG