У Францыі абясшкодзілі групу тэрарыстаў, сярод іх — падлетак

Француская паліцыя, ілюстрацыйнае фота

У Францыі затрымалі групу людзей паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы тэракту супраць сіл бясьпекі. Пра гэта паведамляе пракуратура Парыжу.

Падазраваныя былі затрыманыя ў пятніцу ў рамках расьсьледаваньня, адкрытага ў пачатку лютага на верагоднага кіраўніка тэрарыстычнай групы. Паводле паліцыі, падазраваныя займаліся пошукам зброі.

У рамках справы пад варту зьмясьцілі чатырох чалавек. Паведамляецца, што затрыманыя плянавалі ажыцьцявіць задуманы тэракт у найбліжэйшай будучыні.

Сярод затрыманых ёсьць падлетак. У 2017 годзе ва ўзросьце 15 гадоў ён быў арыштаваны і асуджаны пры спробе адправіцца ў Сырыю. Юнак быў засуджаны да трох гадоў турэмнага зьняволеньня, зь якіх два гады ўмоўна.