Рэкардсмэн пракату «Мсьціўцы: Фінал» — у Беларусі прэм'ера раней за Расею

Стваральнікі фільму «Мсьціўцы: Фінал» напярэдадні прэм'еры.

Амэрыканскі фільм «Мсьціўцы: Фінал» — чацьвёрты, заключны фільм з сучаснай сэрыі фільмаў пра каманду «мсьціўцаў» — супергерояў сусьвету Marvel — усталяваў сусьветны рэкорд па касавых зборах за першы ўік-энд пракату. У беларускім пракаце прэмʼера адбудзецца ў нядзелю, 28 красавіка у 23.57, 23.58, 23.59​, раней за Расею, дзе прэмʼера адбудзецца ў панядзелак 29 красавіка.

Як паведаміла кампанія Walt Disney, якая зьяўляецца дыстрыбутарам фільма, «Мсьціўцы: Фінал» сабраў за першы ўік-энд каля 1 мільярда 200 мільёнаў даляраў. Гэта амаль удвая больш, чым сабраў фільм, які быў рэкардсмэнам да гэтага — таксама фільм з кінасусьвету Marvel, «Мсьціўцы: Вайна бясконцасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кобрыне пачнуць вырабляць цацкі брэндаў Disney і Marvel

У ЗША і Канадзе «Мсьціўцы: Фінал» сабралі ў першыя выхадныя 350 мільёнаў даляраў, гэта таксама рэкорд. 330 мільёнаў даляраў фільм сабраў у Кітаі.

Паводле прагнозу Bloomberg, агульныя зборы могуць перавысіць 2,5 мільярда даляраў, гэта значыць, што фільм «Мсьціўцы: Фінал» пазмагаецца за рэкорд па агульных зборах у сусьветным пракаце з фільмам «Аватар», які сабраў 10 гадоў таму больш за 2 мільярды 700 мільёнаў даляраў.