Пылавая бура накрыла Горадню. ФОТА

Пылавая бура накрыла Горадзеншчыну 24 красавіка. За клубамі пылу цьмяна відаць дамы і нават неба.

Самы густы пыл — у горадзенскім мікрараёне Альшанка, што побач з польскай мяжой. Як паведамляе Белгідрамэт, ня выключана, што пыл з Афрыкі ўплывае на стан паветра ў Беларусі.

«Цяпер у многіх гарадах Беларусі, дзе праводзяцца назіраньні за станам атмасфэрнага паветра, сапраўды назіраецца павышаны ўзровень забруджваньня паветра цьвёрдымі крупінкамі (пылам). Асноўная прычына ў тым, што ў краіне на працягу доўгага пэрыяду адсутнічаюць ападкі», — паведамляюць беларускія мэтэаролягі.

У Польшчу і Ўкраіну раней прыйшла пясчаная бура.

Біёляг: Буру выклікалі моцны вецер і ўзаранае поле

Тым часам біёляг Дзьмітры Вінчэўскі кажа, што такая зьява называецца ветравая эрозія глебы. Яна адбываецца пастаянна, але ў меншых маштабах, таму менш заўважная. Цяпер такую буру выклікалі дзьве рэчы: моцны вецер і ўзаранае поле. Мікрараён Альшанку атачаюць некалькі вялікіх палёў, якія днямі ўзаралі.

Паводле дадзеных сайта meteoinfo.by, парывы ветру 24 красавіка сягаюць 18 мэтраў на сэкунду.

Па словах Вінчэўскага, найлягчэй падымаецца ў паветра і зьнікае пладародны слой у былых тарфяніках, адкуль перасталі здабываць торф.

«Калі ўзараць, глеба ветрам разьбіваецца на дробныя часьцінкі, кавалачкі, і іх ветрам нясе прэч. Таму тарфяны слой вельмі хутка зьнікае. Застаецца пясок, які вецер ня так лёгка можа падняць у паветра», — сказаў Дзьмітры Вінчэўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Століншчыне буйны пажар тушаць 100 чалавек і верталёты. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы зь Літвой гарыць лес. Пункт пропуску «Прывалка» закрылі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пагражае Беларусі пыл з Сахары? Тлумачыць Белгідрамэт