Намесьніка гендырэктара «Белшыны» асудзілі на 7 гадоў

Вытворчасьць шынаў на камбінаце «Белшына» у Бабруйску, архіўнае фота

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва асудзіў намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «Белшына». Міхаіла Канапліцкага прызналі вінаватым у атрыманьні хабару і махлярстве, піша Tut.by.

Канапліцкага асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Канапліцкага затрымалі ў красавіку 2018 году ў Магілёве падчас атрыманьня хабару памерам 30 тысяч рублёў ад дырэктара будаўнічай арганізацыі. За гэта намесьнік гендырэктара «Белшыны» павінен быў падпісаць з будаўнічай арганізацыяй дамову аб выкананьні дэмантажных і будаўнічых працаў на аб’ектах «Белшыны».

Супраць Канапліцкага пачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару. Пазьней высьветлілі, што эпізодаў хабарніцтва было пяць на агульную суму 64 тысячы рублёў.

Адзін з эпізодаў атрыманьня хабару суд перакваліфікаваў на артыкул 209 Крымінальнага кодэксу «Махлярства», удакладніла намесьніца пракурора Магілёўскай вобласьці Алена Шумейка.