Трамп аспрэчвае ў судзе права Кангрэсу на дакумэнты аб ягоным бізнэсе

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і ягоная кампанія The Trump Organization падалі ў суд на старшыню камітэту нагляду Палаты прадстаўнікоў Элайджу Камінгса, настойваючы на незаконнасьці ягоных патрабаваньняў аб перадачы камітэту дакумэнтаў, зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю Дональда Трампа да ўступленьня на пасаду прэзыдэнта.

Магчымы судовы разбор ёсьць чарговым крокам у супрацьстаяньні паміж дэмакратамі, якія кантралююць Палату прадстаўнікоў і прэзыдэнтам, які не жадае публічна апублікаваць свае падатковыя дэклярацыі. У пазове адзначаецца, што запыт ня мае абгрунтаванай мэты і зьяўляецца спробай нанесьці палітычную шкоду прэзыдэнту.

Камінгс, дэмакрат з штату Мэрылэнд, запатрабаваў дакумэнты ў бухгальтарскай кампаніі Mazars USA, якая вядзе справаздачнасьць для прэзыдэнта і ягонай карпарацыі, фінансавыя дакумэнты Трампа. Па словах Камінгса, скарга адвакатаў Трамп юрыдычна не аргумэнтаваная і ў ёй зьмяшчаецца мноства недакладнай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 200 заканадаўцаў падалі ў суд на Дональда Трампа

Са свайго боку, адвакаты Трампа абвінавачваюць Камінгса ў тым, што ён не пракансультаваўся з рэспубліканцамі ў камітэце Палаты прадстаўнікоў, перш чым выдаць позву, і што ў якасьці абгрунтаваньня ён абапіраўся на паказаньні былога асабістага адваката Трампа Майкла Коэна, які прызнаўся, што хлусіў Кангрэсу ЗША пад прысягай. Коэн цяпер адбывае турэмны тэрмін за дачу лжывых паказаньняў у сувязі са зьдзелкай зь нерухомасьцю ў Маскве, у якой удзельнічаў і Трамп.

Судовы пазоў, у якім аспрэчваецца права Кангрэсу расьсьледаваць дзеяньні прэзыдэнта, якія непасрэдна не датычацца ягонай дзейнасьці ў якасьці кіраўніка выканаўчай галіны ўлады, гэта адказ Белага дома на спробы Палаты прадстаўнікоў павялічыць колькасьць расьсьледаваньняў адміністрацыі Дональда Трампа і прэзыдэнта. Адміністрацыя таксама дала зразумець, што не зьбіраецца перадаваць патрэбную інфармацыю пра тое, як канкрэтныя супрацоўнікі, у тым ліку старшыя памочнікі Іванка Трамп і Джарэд Кушнер, атрымалі допуск самага высокага ўзроўню.