Нацыянальны банк Беларусі выявіў пасьля абсьледаваньня арганізацыяў гандлю і сэрвісу за першы квартал 2019 году брак манэтаў і банкнотаў дробных наміналаў, перадае БелаПАН.
Камэрцыйным банкам на мінулым тыдні накіравалі ліст, у якім сьцьвярджаецца: найбольш дэфіцытныя манэты — наміналам у 1 і 2 капейкі, каля 30% арганізацыяў адчуваюць недахоп манэтаў у 5 капеек. Значнае павелічэньне попыту на манэты ўсіх наміналаў назіралі ў Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласьцях.
Нацбанк у лісьце зьвяртае ўвагу, што 88% арганізацыяў гандлю і сэрвісу атрымліваюць манэты ня з банкаў і крэдытна-фінансавых арганізацыяў, а бяруць з выручкі ці разьменьваюць у іншых арганізацыяў. Каб такога не было, Нацбанк заклікаў банкі актывізаваць працу дзеля дастаўкі гандлярам наяўных грошай, забясьпечыць арганізацыям разьмен банкнотаў і манэтаў у касах банкаў і абменьніках.
Таксама Нацбанк зьвярнуў увагу на выдачу з касаў і банкаматаў зношаных банкнотаў, «што сьведчыць аб невыкананьні банкамі патрабаваньняў да арганізацыі касавай працы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Глобус: «Дэнамінацыя зьядае каралёў»