Штаб Зяленскага адказаў Януковічу і расейскім прапагандыстам

У штабе Уладзімера Зяленскага, які, па папярэдніх дадзеных, перамагае на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, заявілі, што ня маюць патрэбы ў віншаваньнях ад былога прэзыдэнта Віктара Януковіча, які зьбег з Украіны ў Расею ў 2014 годзе пасьля расстрэлаў на Майдане.

«На працягу ўсёй кампаніі каманда Зяленскага атрымлівала так званую „падтрымку“ ад расейскіх прапагандыстаў і былых украінскіх чыноўнікаў. Мы абыдземся як без гэтай падтрымкі, так і бязь іх віншаваньняў», — сказаў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» прадстаўнік штаба Зяленскага Дзьмітрый Разумкоў.

Пра тое, што былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч павіншаваў Уладзімера Зяленскага з перамогай на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, у Facebook паведаміў ягоны прэс-сакратар Юрый Кірасір. Па словах Януковіча, галоўная задача Зяленскага — прынесьці мір, «абʼяднаць і прымірыць украінскі народ».