Лукашэнка даў даручэньне мадэрнізаваць НПЗ

«Каб не хадзіць з працягнутай рукой». Падчас пасланьня Аляксандар Лукашэнка згадаў нафтаперапрацоўчыя заводы.

«Трэба асаблівая ўвага ў сілу акалічнасьцяў, якія склаліся, зьвярнуць на заканчэньне, прытым больш хуткае, мадэрнізацыі двух нафтаперапрацоўчых заводаў, каб мы не хадзілі з працягнутай рукой і нікому ня кланяліся, а куплялі, як усе, на сусьветным рынку», — заявіў А.Лукашэнка падчас штогадовага пасланьня да беларускага народу і парлямэнту.

На пачатку свайго звароту Аляксандар Лукашэнка прыгадаў таксама буйныя прадпрыемствы, якія, на ягоную думку, удалося захаваць і даць ім другое жыцьцё.

Як паведамлялася, мадэрнізацыя ААТ «Нафтан» і ААТ «Мазырскі НПЗ» накіравана на павелічэнне магутнасьцяў і глыбіні перапрацоўкі нафты, паведамляе «Интерфакс». Кошт праекту на «Нафтане» складае $ 1,64 млрд, на Мазырскім НПЗ — $ 1,735 млрд.

Пасля мадэрнізацыі беларускія НПЗ будуць мець магутнасці для перапрацоўкі па 12 млн тон нафты штогод.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра малы і сярэдні бізнэс: «Драбнота» і «тарбэшачнікі»

У цяперашні час глыбіня перапрацоўкі на «Нафтане» складае 73%, на Мазырскім НПЗ — каля 78%. Магутнасьці «Нафтана» ў перапрацоўцы нафты складаюць 8,2-8,3 млн тон, Мазырскага НПЗ — 9,6-10 млн тон за год.