Кампанія з удзелам расейскага алігарха Дзерыпаскі інвэстуе ў ЗША, нягледзячы на санкцыі

Расейскі канцэрн «Русал» інвэстуе 200 мільёнаў даляраў у завод па выпуску алюмінію ў Злучаных Штатах. «Русал» падпісаў партнэрскае пагадненьне з амэрыканскай кампаніяй Braidy Industries аб запуску вытворчасьці ў штаце Кентакі.

Значны пакет акцый у кампаніі «Русал» належыць расейскаму алігарху Алегу Дзерыпаску, які трапіў пад амэрыканскія санкцыі. У абмен на свае інвэстыцыі «Русал» атрымае 40-працэнтную долю ў Braidy Atlas, даччынай кампаніі Braidy Industries, якая будзе валодаць новым заводам. Вытворчасьць мае пачацца ў 2021 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінфін ЗША абвясьціў пра зьняцьце санкцый з трох кампаній, зьвязаных з расейскім алігархам Дзерыпаскам

Рашэньне пра сумесны праект прынялі роўна праз тры месяцы пасьля таго, як Міністэрства фінансаў ЗША вырашыла ня ўводзіць санкцыі супраць «Русалу», бо Алег Дзерыпаска адмовіўся ад кантрольнага пакету акцый карпарацыі.

Раней выданьне Wall Street Journal паведаміла, што санкцыі супраць «Русалу» былі абвешчаныя ў красавіку мінулага году як мера ў адказ за ўмяшаньне Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША. Яны, зрэшты, не ўступілі ў сілу і былі адмененыя ў пачатку гэтага году. Санкцыі супраць Дзерыпаскі асабіста застаюцца ў сіле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насьця Рыбка: «Мне настойліва раілі ня езьдзіць у Беларусь»

Сёлета ў студзені 362 кангрэсмэны Палаты прадстаўнікоў ЗША прагаласавалі за рэзалюцыю, у якой асудзілі рашэньне Міністэрства фінансаў зьняць санкцый супраць кампаній Алега Дзерыпаскі, у тым ліку «Русал», яе мацярынскай кампаніі En+ і «Евросибэнэрго». Толькі 53 чалавекі выказаліся супраць. Але спроба працягнуць санкцыі не была зацьверджаная Сэнатам, большасьць месцаў у якім займаюць рэспубліканцы.